«МІНСК» выйграў трэці матч запар у Адзінай маладзёжнай лізе ВТБ
Фота з архіва 6 лютага, Мінск . Баскетбалісты «МІНСКА» атрымалі трэцюю вікторыю запар у матчах Адзінай маладзёжнай лігі ВТБ,
Пасля дзвюх выязных перамог над краснаярскім «Енісеем» сёння каманда Дзмітрыя Калтунова выйграла на сваёй пляцоўцы ў баскетбалістаў «Самары» з перавагай пяць балаў — 75:70. Пасля першай паловы сустрэчы гаспадары ўступалі 36:45, але потым змаглі змяніць ход гульні і перамаглі. Лепшым у складзе гаспадароў стаў Давід Масэнге-Мукетэ, які набраў 24 ачкі. Заўтра сапернікі зноў сустрэнуцца ў беларускай сталіцы, пачатак гульні ў 15.00, уваход свабодны. Пасля матчаў з самарскай камандай мінчане 10 і 11 лютага прымуць гасцей з саратаўскага «Аўтадара». Пасля 35 праведзеных гульняў у актыве «МІНСКА» 51 ачко. Турнірную табліцу ўзначальвае маскоўскі МБА-МАІ, які набраў 66 ачкоў, у ЦСКА 64 балы, у актыве піцерскага «Зеніта» 62 ачкі.
У рэгулярным чэмпіянаце выступаюць 14 клубаў, якія праводзяць чатырохкругавы турнір (па два матчы дома і ў гасцях), а затым васьмёрка лепшых выходзіць у плэй-оф. Пераможцы чвэрцьфінальных пар згуляюць на вырашальным этапе — у «Фінале чатырох». Маладзёжная каманда «МІНСКА» ў сваім дэбютным сезоне прабілася ў чвэрцьфінал, уступіўшы МБА-МАІ, які ў выніку стаў пераможцам маладзёжнай лігі.






