Мінкультуры: спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўжо складае 5690аб’ектаў
Фота з архіва 13 лістапада, Мінск . Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі налічвае сёння 5690 аб’ектаў. Аб гэтым расказала журналістам начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская,
«Гісторыка-культурная спадчына Беларусі з’яўляецца здабыткам беларускага народа, неад’емнай часткай сусветнай культуры. Яе захаванне і прымнажэнне адносіцца да асноўных нацыянальных інтарэсаў. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, які штогод пашыраецца, уключаны найбольш значныя аб’екты спадчыны: помнікі археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі мастацтва, нематэрыяльныя праявы творчасці чалавека, звычаі, традыцыі, абрады. Сёння гэты спіс налічвае 5690 гісторыка-культурных каштоўнасцей», — сказала Ірына Дашчынская.
Паводле яе слоў, у мэтах папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрствам культуры ў 2020 годзе быў створаны пошукавы сайт, дзе любы карыстальнік можа знайсці інфармацыю пра аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны.
«Апошнія тры дзесяцігоддзі Беларусь актыўна займаецца аднаўленнем архітэктурнай спадчыны. Укладваюцца немалыя рэсурсы на яе падтрыманне і захаванне. Праведзена вялікая работа па рэстаўрацыі і аднаўленні соцень аб’ектаў у мэтах падтрымання іх належнага тэхнічнага стану. На дзяржаўным узроўні гэтыя задачы вырашаюцца ў рамках шэрага дзяржаўных праграм і лакальных інвестыцыйных праектаў. Сярод знакавых аб’ектаў — Вялікі тэатр, Купалаўскі тэатр, Свята-Пакроўскі манастыр у Талачыне, будынак «Беларусьфільма», Каложская царква ў Гродне, стадыён «Дынама» ў Мінску, аб’екты Брэсцкай крэпасці, абеліск «Мінск — горад-герой», будынак былога Спаскага манастыра ў Кобрыне, касцёл Цела Божага ў Нясвіжы, Палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку і іншыя», — дадала Ірына Дашчынская.
Яна адзначыла, што захаваць гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны ў многім удаецца дзякуючы фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. За кошт сродкаў фонду з 2017 года праведзены работы па кансервацыі і рэстаўрацыі фрагментаў замка ў Крэве, кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй руін былога замка Сапегаў у Гальшанах, рэстаўрацыя палаца ў паркавым ансамблі Пуслоўскіх, рамонт і рэстаўрацыйныя работы ў капліцы ў Драгічынскім раёне, рамонт царквы Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна.
«У 2025 годзе ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта са сродкаў яго фонду выдзелена Br6 млн: Br1 млн на рэстаўрацыю іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага мужчынскага манастыра і Br5 млн на выкананне работ па рэканструкцыі другога пускавога комплексу Нацыянальнага мастацкага музея», — растлумачыла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры.
Акрамя таго, прадаўжаюцца маштабныя работы ў замках у Крэве, Навагрудку, Гальшанах, у палацавых комплексах у Пружанах і Жылічах, у будынках Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і іншых аб’ектах спадчыны.




