«Не страціць любоў да жыцця». Паэтэса і псіхолаг Скробат пра дыягназ-прыгавор і творчасць як ратаванне
Настасся Скробат Навіны сюжэта «Праект «Беларусы ў кадры» на YouTube-канале БЕЛТА» «Праца аніматара па-сапраўднаму ювелірная». Рэжысёр Алена Турава пра беларускую мультыплікацыю «Мозг адключаецца ад мітусні». Шматдзетная маці праводзіць экадні, якія дапамагаюць перазагружацца Калі Настассі Скробат было толькі дзевяць гадоў, ёй паставілі дыягназ «цукровы дыябет першага тыпу». Гэта адбылося ў дзень яе нараджэння. Замест свята — бальніца, ін’екцыі і пастаянны кантроль стану. Але менавіта тады дзяўчынка напісала першыя вершы.
Сваё дзяцінства Настасся ўспамінае ў светлых фарбах. Яна была жыццярадасным, актыўным дзіцем, а яшчэ — з выдатным апетытам.
У дзевяць гадоў, у свой дзень нараджэння, Настасся пачула ад заплаканай маці: «Свята не будзе, Насця. Табе трэба ехаць у бальніцу». Там дзяўчынцы паставілі дыягназ «цукровы дыябет першага тыпу», які яна тады ўспрыняла як прыгавор. Жыццё змянілася: шматразовыя ін’екцыі ў дзень, абмежаванні ў ежы і рухах, неабходнасць вызначаць небяспечныя станы.
— Гэта было адчуванне канца, — успамінае Настасся. — Дні чатыры я плакала — здавалася, вось-вось памру. Мне падарылі маленькую цацку, каб было спакайней. Тады нельга было ляжаць у бальніцы з маці, і мне было вельмі дрэнна адной. Потым я пазнаёмілася з дзецьмі, у якіх быў такі ж дыягназ, як у мяне. І гэта ўсяліла надзею. Я зразумела, што не адна такая, што дзеці спраўляюцца. І далей пайшоў працэс прыняцця. Прайшла, напэўна, усе стадыі пражывання — адмаўленне, злосць, смутак… А затым настаў момант, калі задала сабе пытанне: ну што, доўга яшчэ будзем смуткаваць? Тым больш за дзевяць гадоў, калі вакол столькі ўсяго цікавага!
Бацькі дапамагалі дачцэ захаваць прывычнае жыццё. Насця не перайшла на дамашняе навучанне, прадоўжыла хадзіць у школу і ў выніку скончыла фізіка-матэматычны клас з залатым медалём.
Школьныя гады не абышліся без цяжкасцей: равеснікі, якія блыталі дыябет з іншай праблемай, далі ёй крыўдную мянушку «дыятэзніца». Але класны кіраўнік, даверыўшы Насці ролю старасты, дапамагла ёй знайсці апору ў калектыве.
Пасля школы перад Насцяй стаяў выбар паміж медыцынай і педагогікай. Перамагла любоў да літаратуры і прыродазнаўчых навук — яна паступіла на факультэт прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка і атрымала спецыяльнасці настаўніка біялогіі і практычнага псіхолага.
Універсітэцкія гады даліся цяжка: спроба «быць як усе» і ігнараванне хваробы прывялі да працяглай комы ўжо на першым курсе, а затым — да сур’ёзных ускладненняў на іншыя жыццёва важныя органы.
Атрымаўшы дыплом, Настасся пайшла працаваць настаўнікам. Літаральна праз паўгода пачаў экстранна, катастрафічна падаць зрок — практычна са 100% ён дайшоў да 10% ад магчымага. Дзяўчыне давялося перанесці больш за 20 аперацый.
— Чаму так здарылася? Я ігнаравала хваробу. Так, было напружанне, былі задачы — я была класным кіраўніком, перажывала за сваіх пяціклашак, як жа без гэтага. І, вядома, не заўважала, як знікалі сілы, што з маім целам нешта адбываецца. А потым трапіла ў бальніцу, дзе ўрачы сказалі, што зрок страчваецца і лік ідзе на гадзіны.
У выніку Настассі давялося пакінуць школу — рашэнне, якое да гэтага часу яна ўспамінае са шкадаваннем.
— Сёння мой зрок складае каля 7% ад магчымага. Правае вока не бачыць зусім, левае дазваляе адрозніваць толькі невялікую частку навакольнага свету, — гаворыць гераіня.
Каля дзесяці гадоў Настасся выкарыстоўвае інсулінавую помпу — яна дапамагае кантраляваць стан і захоўваць здароўе. Пры гэтым нават экран прыбора становіцца для яе ўсё менш бачным і часам патрэбна дапамога блізкіх.
— Дыябет страшны не сам па сабе, а сваімі наступствамі. Іншым часам думаю: калі б раней былі тыя магчымасці, што ёсць цяпер, калі б я не саромелася калоцца ва ўніверсітэце, калі б больш уважліва адносілася да асаблівасцей свайго арганізма, магчыма, шмат што склалася б інакш, — прызнаецца яна.
Вершы ў жыцці Настассі з’явіліся разам з хваробай — у дзевяць гадоў. Першы радок быў жартоўным: «Я поэт, зовут Настена. Ух, какая я сластена…» — дзяўчынцы вельмі хацелася салодкага, і вершы сталі спосабам выказаць эмоцыі.
Першы верш Насці быў апублікаваны ў газеце дзякуючы стрыечнай сястры-журналісту, на які неўзабаве прыйшлі станоўчыя водзывы чытачоў. А пазней будучы муж Настассі, Дзяніс, прапанаваў ёй падумаць аб уласнай кнізе.
— Вершы субліміравалі мае праблемы і эмоцыі — гэта быў такі спосаб, — прызнаецца субяседніца. — Я вельмі злавалася, сумавала і пісала аб гэтым: «Маё цела ў палоне занадта тонкай душы». Таму творчасць сапраўды выратоўвала. Інакш дзіцячая псіхіка магла б проста не справіцца.
Сёння ў Настассі тры паэтычныя зборнікі. Першая кніга выйшла ў 2021 годзе.
Псіхалогія паступова стала яшчэ адным значным напрамкам у жыцці Настассі. Веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, дапамагалі ёй падтрымліваць людзей, якіх яна сустракала ў час лячэння. Пазней Настасся працавала псіхолагам у цэнтры развіцця дзіцяці, займалася пытаннямі адносін дзяцей і бацькоў, вывучала праектыўныя методыкі і медыятыўныя практыкі. Сёння яна называе сябе мультымадальным спецыялістам, прадаўжае вучыцца і спецыялізуецца, у прыватнасці, на сузалежных адносінах і расстройствах харчовых паводзін.
— Асаблівае месца ў маёй рабоце займае дапамога людзям з парушэннямі зроку, — звяртае ўвагу Настасся. — Я супрацоўнічаю з дабрачынным фондам «Вярнуць зрок» і падтрымліваю тых, хто сутыкнуўся з гэтай праблемай і не ведае, як адаптавацца да новай рэчаіснасці.
Настасся Скробат — гераіня праекта «Беларусы ў кадры». У нашым праекце яна расказала аб жыцці з няпростай хваробай, творчасці, прафесіі і людзях, якія дапамагаюць ёй ісці далей.
Юлія МІШЧАНКА,
фота Кацярыны Казловай і з асабістага архіва гераіні публікацыі,
«7 дней».
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту





