Майстар-класы і пастаноўкі з рэгіёнаў. Чым здзіўляе дзіцячы тэатральны форум «Крокі»
Фота minsknews.by 24 сакавіка, Мінск . VIII Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум «Крокі», прымеркаваны да Міжнароднага дня тэатра, праходзіць у Мінску з 23 па 26 сакавіка. Аб гэтым БЕЛТА расказалі арганізатары.
«У гэтым годзе ўдзельнікамі форуму сталі тэатральныя калектывы з Беларусі — Мінска, Лепеля, Мазыра, Любані і Гомеля, а таксама госці з Расіі. У рамках фестывалю выступяць каля 170 удзельнікаў і пакажуць 12 спектакляў. Дзяцей цікавяць пытанні сяброўства, кахання, шчасця», — сказала мастацкі кіраўнік VIII Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму «Крокі», кіраўнік тэатральнай студыі «Бегемот» дзіцячай школы мастацтваў нумар 2 г.Мінска Наталля Мельнікава.
Акрамя конкурсных паказаў запланаваны забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсіі і майстар-класы па харэаграфіі і акцёрскім майстэрстве. У фае палаца таксама арганізавана выстава мастацкіх работ школ мастацтваў г.Мінска і Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава.
«Мы праводзім фестываль для таго, каб прадэманстраваць таленты моладзі. Ацэньваць удзельнікаў будзе прафесійнае журы: эксперты тэатральнага мастацтва і прэса. 26 сакавіка на сцэне «Мінскканцэрта» падвядуць вынікі і вызначаць пераможцаў. Галоўныя крытэрыі ацэнкі: прафесіяналізм, акцёрская ігра, майстэрства і рэжысура», — дадала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына.






