Лукашэнка: войскі ППА — гэта надзейны шчыт Айчыны і залог мірнай будучыні Беларусі
Фота з архіва 13 красавіка, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ваеннаслужачых і ветэранаў войскаў проціпаветранай абароны з прафесійным святам — Днём войскаў проціпаветранай абароны. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
«У год 80-годдзя Вялікай Перамогі мы з асаблівым пачуццём шануем подзвіг воінаў проціпаветранай абароны, якія ўнеслі вялікі ўклад у вызваленне савецкага народа ад нямецка-фашысцкага прыгнёту. Цяперашняе пакаленне салдат, афіцэраў і генералаў беларускай арміі помніць гэтыя пераможныя традыцыі, беражліва захоўвае і прымнажае», — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў падзяку ўсім, хто ў першыя гады незалежнасці ствараў сучасныя, высокапрафесійныя, аснашчаныя самай перадавой тэхнікай і ўзбраеннем войскі ППА, а таксама асабовы склад часцей і падраздзяленняў, якія сёння і ў будні, і ў святы нясуць баявую вахту, ахоўваючы мірную працу і спакой беларусаў.
«Войскі проціпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь — гэта надзейны шчыт Айчыны, залог мірнай будучыні краіны, а кожны з вас — прыклад вернасці абавязку і прысязе. Упэўнены, так будзе і ў далейшым», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў ваеннаслужачым і ветэранам моцнага здароўя, шчасця, заўсёды чыстага неба і новых поспехаў у ратнай працы.