Лукашэнка сустрэўся са спікерам Нацыянальнай народнай асамблеі Алжыра
2 снежня, Алжыр . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля прыбыцця ў Алжыр сустрэўся са спікерам Нацыянальнай народнай асамблеі Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ібрагімам Бугалі,
«Апошнія гады дынаміка нашых адносін значна ўзмоцнена, і ў гэтым напрамку нам трэба рухацца. Але той тавараабарот, які мы маем на сённяшні дзень, зусім не адлюстроўвае патэнцыялу нашых краін. Мы правялі тут форум дзелавых колаў Беларусі і Алжыра, устанавілі адносіны непасрэдна паміж кампаніямі. Думаю, нам удасца значна павялічыць тавараабарот. Мы адказныя людзі і будзем няўхільна выконваць нашы дамоўленасці. Тармажэння з нашага боку не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь — машынабудаўнічая краіна з развітой сельскай гаспадаркай. «Многія напрамкі нам удалося развіць. Мы гатовы з вамі гэтым дзяліцца, — запэўніў беларускі лідар. — Навучанне кадраў у рамках гэтых тэхналогій — гэта будзе наша задача».
«Парламенты абавязаны будуць адыграць важнейшую ролю ў рэалізацыі нашых дамоўленасцей», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нядаўна дэлегацыя дэпутатаў з Алжыра наведала Беларусь і візіт прайшоў вельмі добра. «Гэты абмен дэлегацыямі трэба падтрымліваць. Мы заўсёды будзем чакаць вас і дэпутатаў парламента ў любы час у Беларусі і гатовы аказаць вам усялякае садзейнічанне ў мэтах азнаямлення з нашымі магчымасцямі», — сказаў ён.
У сваю чаргу Ібрагім Бугалі выказаў упэўненасць, што афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі будзе спрыяльны для абодвух бакоў. Сімвалічна, што ён праходзіць у год 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Алжырам.
Спікер парламента павіншаваў беларускі бок з дасягненнямі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і іншых галінах. «Ваша палітычная сістэма вельмі добрая, таму што дабратворная для вашай краіны, — сказаў ён. — Ваша эканамічная сістэма вельмі падобная да алжырскай. Яна забяспечвае незалежнасць краіны».
Ібрагім Бугалі канстатаваў рост інтэнсіўнасці супрацоўніцтва і тавараабароту, праведзены абмен шэрагам візітаў.
«Мы можам дасягнуць вельмі добрых вынікаў і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці. У вас вельмі добрая вытворчасць трактароў. Гэта нас вельмі цікавіць, таксама як і іншыя тавары, якія вырабляюцца ў Беларусі», — дадаў спікер парламента.
Ібрагім Бугалі заявіў, што і на парламенцкім узроўні адносіны добра развіваюцца, і падзякаваў за цёплы прыём у Беларусі парламенцкай дэлегацыі з Алжыра. Беларускім парламентарыям таксама накіравана запрашэнне зрабіць візіт у Алжыр.
Спікер парламента падкрэсліў, што бакі аб’ядноўвае супадзенне поглядаў па ключавых пытаннях. «Спадзяёмся, што мы ўмацуем гэтыя адносіны ў будучым. Каб у нас былі сумесныя праекты, якія мы рэалізуем у бліжэйшы час», — рэзюмаваў ён.






