Лукашэнка расказаў аб самай галоўнай беларускай стрымліваючай зброі
1 ліпеня, Мінск . Адданасць кожнага інтарэсам краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў самай галоўнай стрымліваючай зброяй. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці,
«Самая галоўная зброя, якая стрымлівае спробы нават думаць у бок нашай граніцы, — адданасць інтарэсам Беларусі. Усіх і кожнага. Гарантыі нашай незалежнасці — уменне працаваць сумленна на карысць сваіх сем’яў і краіны, беражлівае стаўленне да гістарычнай памяці, традыцый, спрадвечных каштоўнасцей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што забываць аб гэтым нельга, хоць часам «падкідваюць ідэю», што трэба менш варушыць старое. «Так, нам, можа, трэба па форме неяк інакш святкаваць і шанаваць памяць. Можа. Мы аб гэтым падумаем. Я аб гэтым усё часцей думаю. Але забываць аб гэтым нельга. Мы — дарослыя людзі, у нас гэта ў крыві, нам убілі ў галаву гэта са школьнай парты. А моладзь? Яны павінны памятаць, — заявіў беларускі лідар. — Гэта ж вялікі здабытак народа, які перамог у такой страшнай бойні мінулага стагоддзя. Гэта самае галоўнае, каб не дапусціць, каб гэта зноў адбылося. Вось чаму мы шмат гаворым, гаворым, гаворым… Можа, па старадаўняй форме неяк падыходзім да святкавання гэтых дат. Але забываць ні ў якім разе нельга. Я вас ужо ў Хатыні папярэджваў: як толькі забудзем дарогу ў Хатынь, назаўтра гэта вернецца. Давайце не будзем аб гэтым забываць!»
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ўважліва назіраюць, адэкватна ацэньваючы рызыкі і ўласныя магчымасці. «Мы не крычым гвалтам, што заўтра будзем нападаць або абараняцца», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што Беларусь адна не зможа выстаяць супраць Еўрасаюза і НАТА. «Вось вам адказ, чаму мы побач з братэрскай Расіяй. Скажыце, а з кім? Тыя, хто мяне за гэта крытыкуе, назавіце краіну, з кім мы можам разам адстойваць нашы інтарэсы, з кім мы размаўляем на адной мове», — адзначыў Прэзідэнт.
«Мы за гэтым, што адбываецца вакол, уважліва назіраем і прадаўжаем гераічны шлях нашых продкаў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.