Лукашэнка павіншаваў народнага настаўніка Беларусі Альфрэда Ладыку з юбілеем
Альфрэд Ладыка, фота з архіва 4 студзеня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага настаўніка Беларусі Альфрэда Ладыку з юбілеем. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Ваш жыццёвы шлях непарыўна звязаны з народнай адукацыяй. На працягу многіх гадоў Вы навучаеце і выхоўваеце моладзь, рыхтуеце пераможцаў і прызёраў прадметных алімпіяд. Многія з іх сталі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы, паспяхова працуюць на карысць краіны», — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што стваральная праца Альфрэда Ладыкі і яго самаадданае служэнне Радзіме з’яўляюцца крыніцай ведаў і натхнення для вучняў, узорам мэтанакіраванасці і майстэрства для калег.
«Упэўнены, Вашы багаты педагагічны вопыт, творчая энергія, жыццёвая мудрасць і ў далейшым будуць садзейнічаць павышэнню якасці і прэстыжу айчыннай адукацыі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў народнаму настаўніку і яго блізкім моцнага здароўя, шчасця, бадзёрасці духу і дабрабыту.

