Лукашэнка параўнаў эканомію на вулічным асвятленні з гадавым павышэннем пенсіі
6 лютага, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час нарады з кіраўніцтвам Савета Міністраў выказаўся наконт змянення рэжыму вулічнага асвятлення,
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што скарачэнне часу работы вулічнага асвятлення нават на кароткі прамежак дае ў маштабах краіны значную эканомію грашовых сродкаў. Па суме гэта супараўнальна, напрыклад, з затратамі на будаўніцтва некаторых аб’ектаў для АПК або дадатковымі расходамі для павышэння пенсій. «Кухараў (старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Заўвага ) на 15 хвілін або на 10 нават святло выключыў раней — божа мой, з Украінай параўналі! Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя 10-15 хвілін, як Уладзімір Яўгенавіч кажа, на працягу года даюць тры малочнатаварныя комплексы па кошце і сем прафілакторыяў для цялят, як модна цяпер гаварыць. Але самае галоўнае: з 1 лютага (я падпісаў указ) — павышэнне пенсій. Няшмат, на 10 працэнтаў, але павысілі пенсіі ў гэтых умовах пенсіянерам. Калі за год узяць такую эканомію (на вулічным асвятленні. — Заўвага ), гэта практычна гэта павышэнне. Дзесяць хвілін пацярпець», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў такіх буйных гарадах, як Мінск, дастаткова і дадатковых крыніц асвятлення, акрамя вулічных ліхтароў, у тым ліку святло ад будынкаў, жылых дамоў, вітрын і гэтак далей. Таму, паводле слоў Прэзідэнта, складана зразумець, як нехта нібыта вымушаны быў перамяшчацца па сталіцы навобмацак або з цяжкасцю арыентаваўся ў прасторы з-за карэкціровак у рэжыме гарадскога асвятлення.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што і сам раніцай напярэдадні нарады праманіторыў, наколькі светла на вуліцы ў той ці іншы час: «Раз у акно, другі раз, на вуліцу выйшаў — ну, калі можна ўвогуле выключыць святло?»
«Трэба аддаць належнае: нарэшце губернатар Мінскай вобласці выключыў святло ў вёсках вакол вёскі Прэзідэнта. Дзякуй вам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён паставіў задачу перад адказнымі асобамі яшчэ раз прааналізаваць і пры неабходнасці дадаткова наладзіць сістэму работы вулічнага асвятлення з улікам пастаяннага змянення працягласці светлавога дня. Асабліва гэта датычыцца Мінска, дзе больш за ўсё «навобмацак хадзілі», заўважыў Прэзідэнт. Магчыма, трэба зрабіць акцэнт на выкарыстанні фотарэле, замест таго, каб уключаць або выключаць святло на вуліцах у канкрэтны час. Гэта забяспечыць большую дакладнасць і, адпаведна, эканомію.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у часы Савецкага Саюза прымаліся розныя рашэнні, у тым ліку па пераходзе на зімовы і летні час, і заклікаў больш эканомна ставіцца да расходавання энергарэсурсаў. «Каб гадзіну выйграць. Па краіне — гадзіна светлавая. Гэта ж эканомія была велізарная. А ў нас чаго? Свеціцца і свеціцца», — сказаў ён.
Наконт наяўнасці ў Беларусі ўласнай АЭС і электрычнасці, што там выпрацоўваецца, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што эксплуатацыя станцыі, яе абслугоўванне і своечасовая замена паліва патрабуюць затрат. «Адна зарадка паліва каштуе $150 млн, як раней будаўнікі мне дакладвалі. Цяпер, напэўна, $200 млн. Пастаянна, на працягу пяці гадоў, порцыямі мы з рэактара дастаём уранавыя стрыжні і туды закладваем новыя. Гэта немалыя грошы. Усё каштуе грошай. Таму калі гатовы плаціць, можна і цяпер свяціць», — сказаў ён.
Прэзідэнт таксама не выключыў, што актыўнае раскручванне тэмы вулічнага асвятлення з’яўляецца інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацый (ІПСА) супраць Беларусі. «Думаю, ну адкуль жа тэма ўзялася? ІПСА збеглых. Гэта ж яны адтуль закінулі. З космасу. І з Украінай параўналі. Ды куды нас, «таталітарную» дзяржаву, з «дэмакратычнай» Украінай параўноўваць?! — з сарказмам заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Думаць жа трэба, што робяць. Але, калі яшчэ раз такая ІПСА, з аднаго боку, а з іншага боку — тры малочнатаварныя комплексы і сем прафілакторыяў або гадавое павышэнне на 10 працэнтаў для пенсіянераў — я яшчэ пагадзіўся б на гэтыя 10-15 хвілін». 






