Лукашэнка: жыллё для шматдзетных сем’яў трэба раўнамерна размяркоўваць па ўсёй краіне
Фота з архіва 23 кастрычніка, Мінск . Жыллё для шматдзетных сем’яў трэба раўнамерна размяркоўваць па ўсёй краіне, а не ў Мінску і іншых буйных гарадах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 кастрычніка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў,
Прэзідэнт звярнуў увагу, што будаўніцтва жылля для ваеннаслужачых і шматдзетных сем’яў уваходзіць у лік прыярытэтаў для дзяржавы і будзе ў далейшым заставацца пытаннем нумар адзін. І для падтрымкі шматдзетных сем’яў цяпер ужо робіцца нямала, уключаючы дапамогу пры будаўніцтве жылля і выплату сямейнага капіталу.
Аднак у частцы будаўніцтва жылля кіраўнік дзяржавы крытычна адазваўся аб месцах размяшчэння дамоў для шматдзетных. «Мы пачалі будаваць жыллё ў Мінску, у зручных месцах, сцягваючы рабочую сілу ў гарады. Што мы робім? — сказаў ён. — Мы навошта шматдзетныя сем’і сцягваем да Мінска? Яны павінны, як усе, жыць па ўсёй краіне. Раўнамернае размеркаванне рабочых рук, рабочай сілы, як гэта было ў савецкія часы».
Акрамя таго, за межамі буйных гарадоў ёсць магчымасць будаўніцтва не толькі кватэр, а дамоў з прысядзібнымі ўчасткамі, дзе можна нешта вырошчваць. «Трэба корпацца ў зямлі і нешта рабіць сваімі рукамі. Мы пра гэта забылі, пачалі ў Мінску, абласных цэнтрах будаваць жыллё для шматдзетных», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што пры аказанні дапамогі падыход павінен быць адрасным, нельга дзейнічаць агулам. «Перш чым забяспечыць чалавека, дом даць або кватэру, вы разбярыцеся, каму мы з дзяржпадтрымкай даём жыллё, што гэта за шматдзетныя сем’і. Разбірацца трэба ў дэталях», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.






