Лукашэнка абмяняў свой баян на навуку па пчалярстве
16 кастрычніка, Верхнядзвінскі раён . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання турыстычнага комплексу «Чырвоны Бор» у Верхнядзвінскім раёне азнаёміўся з развіццём у рэгіёне турыстычнага патэнцыялу,
Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з уладальнікам комплексу бізнесменам Мікалаем Вараб’ём, які таксама рэалізуе ў раёне праекты ў галіне АПК. Гаварылі аб развіцці сельскай гаспадаркі і адпаведных праектаў, што асабліва важна для эканамічнага росту ў паўночных раёнах краіны. У цэнтры ўвагі была і сфера турызму — тое, як можна маштабаваць паспяховы вопыт у іншых рэгіёнах Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў мясцовую прадукцыю, уключаючы мёд з экалагічна чыстага пчальніка. Мёд астраўны, ляснога разнатраўя, грэчкавы. «Самы лепшы чысты мёд. Вось гэта сапраўдны мёд!» — сказаў Прэзідэнт, паспытаўшы прадукцыю.
Кіраўніка дзяржавы зацікавіў не толькі смак мёду, але і падыходы ў пчалярстве, аб якіх з душой расказаў пчаляр Сяргей Шыманскі, які працуе ў «Чырвоным Бары» з 2015 года. Як вядома, на малой радзіме Прэзідэнта таксама ёсць пчальнік.
А яшчэ Сяргей Шыманскі любіць музыку і іграе на баяне. Спецыяльна для Прэзідэнта ён выканаў некалькі кампазіцый.
«Ты сам вучыўся?» — спытаў Прэзідэнт.
«Можна сказаць, самавучка. У другім класе аддалі на баян, потым армія. І потым, калі зразумеў, што яго можна недзе прымяняць… У школе дзяцей трэба было на турзлёт прыводзіць. А калі маленькая школка, нечым трэба было казырнуць. Прымянялі ўсе варыянты», — адказаў Сяргей Шыманскі.
«Усё знаёма. Малайчына», — пахваліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт распарадзіўся, каб пчаляру ў якасці падарунка перадалі яго баян: «Я табе падару свой баян. Пяцірадовы, прыгожы, большы. Ручной работы. Я ўжо не іграю практычна. Таму будзеш іграць на маім баяне. Але з цябе навука па пчалярстве».





