Лукашэнка ўзгадніў назначэнне Сяргея Ляўковіча першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама
25 красавіка, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне Сяргея Ляўковіча першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама,
Да гэтага часу Сяргей Ляўковіч працаваў на пасадзе памочніка Прэзідэнта — інспектара па Віцебскай вобласці.
«Сяргей Віктаравіч, вы прынялі рашэнне або прапанову, якую вам агучыў кіраўнік Адміністрацыі аб пераходзе на работу першым намеснікам губернатара ў Віцебскую вобласць. Тое, што вы згадзіліся на гэту няпростую пасаду, — я вам удзячны. Ну і на гэтым усе ўдзячнасці. Там будзе няпростая праца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Варта адзначыць, што Сяргей Ляўковіч таксама мае вопыт работы на пасадзе першага намесніка старшыні аблвыканкама. Адпаведную пасаду ён раней займаў у Мінскай вобласці.
«Мая паездка ў Віцебскую вобласць — у лепшыя раёны — сведчыць аб тым, што там вельмі шмат праблем арганізацыйных. Ну і вы там працуеце. Вы таксама за гэта несяце адказнасць і ведаеце, што там адбываецца», — даў наказ беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўзоры таго, што і як трэба рабіць у рэгіёнах, ужо ёсць, пачынаючы ад аграгарадка, пасёлкаў гарадскога тыпу і заканчваючы раённым узроўнем. Калі неабходна, з гэтым можна дадаткова азнаёміцца на прыкладзе тых жа Копысі і Шклова, дзе нядаўна пабываў кіраўнік дзяржавы.
«Гэта значыць, усё ўжо адпрацавана. Трэба арганізаваць. Дысцыпліна працоўная ў Віцебскай вобласці няважная. Але самае галоўнае, што ў бліжэйшы час на нарадзе ў Віцебскай вобласці мы разгледзім, як Віцебшчына спрацавала па апошняй праграме, якую мы зацвярджалі на ўзроўні Прэзідэнта. Памятаеце, Мікалай Шарснёў (экс-старшыня аблвыканкама. — Заўвага ) прапаноўваў яе — інтэграцыйныя гэтыя структуры і гэтак далей і гэтак далей. Усе гавораць (і моладзь, і старэйшыя людзі), што ідэя нядрэнная, але яна слаба рэалізоўваецца ў Віцебскай вобласці. Не ўсюды, праўда. Але паўстае пытанне, навошта стваралі, чаму не даціснулі, чаму не зрабілі, як трэба», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Прэзідэнта, вобласць яшчэ няпростая і ў тым плане, што там, магчыма, не заўсёды займаюцца тым, што трэба з улікам прыродных умоў. «Калі там яны ў лесе, ну дык давайце займацца лесаперапрацоўкай, у прамысловасці і гэтак далей. Калі ў Віцебскай вобласці цяжка атрымаць збожжавыя і зернебабовыя, давайце займацца тады ялавічынай, атрымліваць малако. А ў Оршы, Талачыне і Віцебскім раёне — вось гэты куст — там можна займацца збожжам. Там куры, свінні могуць быць. У прынцыпе, там гэтак і ёсць. Не хапае дысцыпліны і арганізаванасці, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Увогуле, праблем мноства. Вы працуеце, ведаеце гэтыя праблемы. Я цаню тое, што вы вырашыліся на гэту работу. Патрэбны вынік».
Асобна Аляксандр Лукашэнка выказаўся на прадмет прыцягнення працоўных рэсурсаў у Віцебскую вобласць, што магчыма і за кошт працоўных мігрантаў з іншых краін: «Трэба спыніць усялякія размовы наконт нейкіх працоўных рэсурсаў. Трэба гэтыя рэсурсы (існуючыя ў краіне. — Заўвага ) прымусіць працаваць і задзейнічаць. Тое, чаго не хапае, — людзі едуць (на работу ў Беларусь. — Заўвага ) не толькі з паўднёвых рэгіёнаў былога Савецкага Саюза, але і з Расіі. З Літвы, Латвіі, нават Польшчы, няхай няшмат, але яны да нас едут, гатовы працаваць. Глядзіце на месцы персанальна кожную сям’ю, кожнага чалавека. Калі вас гэта задавальняе — прымайце на работу. Я ўжо пра гэта гаварыў. Каб не было крыку, гвалту і шуму, што мы там чужых бяром. Не хочаце чужых — працуйце самі. Мы не настойваем на тым, каб прыязджалі з іншых рэспублік. Але мы без гэтага ў Віцебскай вобласці не абыдземся. Таму і працоўная міграцыя — гэта нармальна».
«Там яшчэ палякі нашых гэтых збеглых падбухторваюць. Яны баяцца больш за ўсё, што сюды пакістанцы прыедуць. Яны баяцца, што туды пойдуць гэтыя мігранты дадаткова. Таму палякі і літоўцы няхай супакояцца. Ад нас ніякія афганцы, ніякія туркмены, узбекі і таджыкі не з’едуць. Яны будуць у нас жыць і працаваць — якіх мы прымем. Таму ім вар’яцець там не трэба і нашых падбіваць, каб яны шум узнімалі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.