Больш за 10 тыс. гледачоў наведалі міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» ў Брэсце
19 верасня, Брэст . У Брэсце 19 верасня фіналам праграмы 30-га міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» стала выступленне Маскоўскага музычна-драматычнага цыганскага тэатра «Рамэн»,
Расійскія артысты сваім тэатралізаваным канцэртам ахапілі гледачоў энергіяй цыганскіх і рускіх песень і танцаў, прывялі ў захапленне прыгажосцю і грацыяй. Калектыў упершыню ўдзельнічае ў «Белай Вежы». «Мы прыехалі з цудоўным настроем. Брэст нас сустрэў сонцам і цеплынёй. З нецярпеннем чакалі сустрэчы з гледачом, каб падарыць радасць, шчасце і мора пазітыву. Мы прывезлі нашу праграму «Цыганы Расіі», — расказала артыстка тэатра Анжэла Лекарава. — Шмат чулі добрых водзываў аб фестывалі і вельмі хацелі трапіць да вас, таму што любім Беларусь і яе людзей».
Аснову праграмы сёлетняй «Белай Вежы» склалі спектаклі лаўрэатаў мінулых гадоў. «Да нас прыйшло больш за 10 тыс. гледачоў — 98% запаўняльнасць залы. Усе заяўленыя калектывы прыехалі. Мы ганарымся тым, што ў нас усё атрымалася, што наш юбілейны фестываль атрымаўся яркім і пакінуў цудоўныя ўражанні», — адзначылі ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы.
На брэсцкай сцэне выступілі калектывы з балгарскай Сафіі, грузінскага Лагадэхі, кыргызскага Бішкека, узбекскага Ташкента, армянскага Ерэвана, казахстанскіх Алматы і Астаны, кітайскай правінцыі Чжэцзян, азербайджанскага Баку, расійскіх Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Арла, Пензы,Сыктыўкара, Волагды, Варонежа. Беларусь прадставілі дзесяць тэатраў з Мінска, Брэста, Гродна, Гомеля і Віцебска. На сцэне гучалі беларуская, руская, балгарская, армянская, грузінская, кітайская, цыганская, узбекская мовы, а таксама мова комі.
Сёлетні фестываль — самы працяглы за ўсю яго гісторыю. За дзесяць дзён гледачы рознага ўзросту ўбачылі 30 пастановак: драматычных, эксперыментальных, музычных, музычна-пластычных, тэатра лялек. Арганізатары парадавалі брастаўчан вулічнымі паказамі. У дзень адкрыцця фестывалю на набярэжнай ракі Мухавец маскоўскія артысты станцавалі балет «Лебядзінае возера». Тэатр з Варонежа прывёз на фестываль вулічны спектакль «Дзюймовачка». Яркае шоу арганізавалі артысты з Кітая, паказаўшы на пешаходнай вуліцы міні-паказ оперы Уцзюй.
Арганізатарамі юбілейнай «Белай Вежы» выступілі Брэсцкі аблвыканкам, Міністэрства культуры пры падтрымцы Брэсцкага гарвыканкама, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.
Яшчэ да таго як патухлі агні ў зале пасля фінальнага спектакля, пачалася падрыхтоўка праграмы 31-га тэатральнага фестывалю. «Работа пачынаецца за паўтара года да моманту правядзення мерапрыемства. Гэта вельмі працяглы працэс, таму што задзейнічаны фінансы. Без гэтага немагчыма прыбыццё калектываў. Вядуцца перагаворы. Фармат у гэтым годзе атрымаўся дастойным, будзем яго развіваць. Спадзяёмся, нашы гледачы застануцца задаволены і ў наступным годзе», — рэзюмавалі арганізатары.



