Лазоўскі стаў другім у суперспрынце на чэмпіянаце Расіі ў Цюмені
Дзмітрый Лазоўскі. Фота з архіва 18 сакавіка, Мінск . Дзмітрый Лазоўскі прынёс беларускай камандзе першы медаль чэмпіянату Расіі па біятлоне 2026 года, які праходзіць у Цюмені,
У кваліфікацыі суперспрынту выступілі 100 спартсменаў, з якіх далей прайшлі 30 лепшых. Па выніках забегу на 4,5 км з двума агнявымі рубяжамі адборачны бар’ер пераадолелі дзевяць з чатырнаццаці беларусаў. У фінале біятланісты прабеглі 7,5 км з чатырма заходамі на стрэльбішчы. Наш Дзмітрый Лазоўскі закрыў 20 мішэней з 20 і фінішаваў другім, уступіўшы толькі Аляксандру Корневу з Удмуртыі. У барацьбе за серабро Лазоўскі на паўтары секунды апярэдзіў Кірыла Бажына са Свярдлоўскай вобласці.
Пяцёрку мацнейшых замкнуў яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі — Аляксандр Галяк, які паказаў лепшы для сябе вынік на дарослых міжнародных стартах. Іван Тулацін і Антон Смольскі занялі 13-е і 14-е месцы, Максім Варабей размясціўся 16-м, Мікіта Лобастаў стаў 19-м, Сцяпан Данілаў — 24-ы, Глеб Арлоўскі — 26-ы, Ілья Аўсеенка — 27-ы.
Лазоўскі стаў першым беларусам, які трапіў на подыум чэмпіянату Расіі 2026 года пасля 11 гонак. Праграму спаборніцтваў заўтра прадоўжыць змешаная эстафета, пачатак — у 11.00 па мінскім часе. 21 сакавіка ў Цюмені пройдуць мужчынскі мас-старт і жаночая эстафета, 22 сакавіка адбудуцца жаночы мас-старт і мужчынская эстафета.






