Пашыла сукенку і трапіла ў трэнды! Як навука дапамагае маладому дызайнеру ствараць моднае адзенне
11 чэрвеня, Мінск . Лаліта Шыш — яркі прыклад таго, як можна сумяшчаць у сабе адразу некалькі, здавалася б, маласумяшчальных заняткаў. Акрамя таго, што наша гераіня з’яўляецца магістрам мастацтвазнаўства, выдатна малюе і займаецца навукай, дык яна яшчэ даволі паспяхова развівае ўласны брэнд адзення. З чаго пачынаць маладому дызайнеру і як злучыць адразу некалькі напрамкаў з мноствам задач, даведаліся з першых вуснаў.
Лаліта з радасцю ўспамінае сваё дзяцінства, галоўнае месца ў якім займала маляванне. Таму з выбарам будучай прафесіі вызначылася даволі хутка — вырашыла паступаць у Мінскі мастацкі каледж імя Глебава, дзе атрымалі першыя ўрокі майстэрства многія народныя мастакі нашай краіны.
Пасля каледжа Лаліта паступіла ў Акадэмію мастацтваў, дзе ў працэсе навучання ў дзяўчыны сфарміравалася небывалая цікавасць да мастацтвазнаўства. Больш за ўсё ёй падабаліся такія тэхнічныя напрамкі, як жывапіс, малюнак, кампазіцыя.
«Калі скончыла акадэмію, то ўзнікла пытанне, чым займацца далей па жыцці. Падумала: а чаму б не перагледзець сваю сферу дзейнасці крыху з іншага боку, папоўніць веды… У выніку паступіла ў магістратуру ўніверсітэта Нацыянальнай акадэміі навук, дзе пасля размеркавання працую бібліятэкарам. У будучыні планую пайсці і ў аспірантуру», — расказвае дзяўчына аб сваім шляху ў навуку.
Лаліта Шыш прызнаецца, што ёй заўсёды хацелася стварыць нейкую сваю справу, якую будзе сама весці і развіваць, прыдумваць новыя канцэпцыі і ідэі. Некалькі гадоў таму яна запусціла свой брэнд адзення ручной работы.
«А ўсё пачалося са швейнай машынкі… Адразу я шыла ўборы сабе, а пасля выклала мадэлі ў інтэрнэт. І, на здзіўленне, маё адзенне выклікала вялікі рэзананс. Таму вырашыла развіваць творчы бізнес далей — стала весці свой блог. Відэа сталі збіраць вялікія прагляды. З’явіліся першыя заказы», — расказвае яна.
Свой брэнд Лаліта развівае сама, выступаючы адразу ў некалькіх ролях: дызайнер, канструктар, швачка, а нярэдка і мадэль. Сёння ў яе скарбонцы ўжо дзве эксклюзіўныя калекцыі, трэцяя — у працэсе стварэння. І што важна — адзенне выключна ручной работы.
Лаліта адзначае, што марыць не толькі пашырыць свой бізнес да маштабаў як мінімум дызайн-студыі па пашыве адзення. Яна часта задумваецца аб тым, як укараніць навуковыя метады ў сваю творчасць і наадварот — як брэнд і яе мастацкія работы могуць пасадзейнічаць асвятленню тэмы навукі.
Лаліта Шыш — гераіня нашага праекта «Беларусы ў кадры». Даведаліся ў яе аб развіцці свайго ўласнага брэнда адзення ручной работы і як у стварэнні модных рэчаў дапамагае навука.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Фота гераіні матэрыялу






