Ярка, душэўна і ў атмасферы дружбы. Святочны канцэрт да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі прайшоў у Мінску
2 красавіка, Мінск . Святочны канцэрт да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі прайшоў у Палацы Рэспублікі ў Мінску,
Сёння беларусы і расіяне святкуюць 30-годдзе Саюзнай дзяржавы. Ужо тры дзясяткі гадоў жыхары дзвюх краін жывуць у сумеснай інтэграцыі. Пад крылом саюза рэалізуюцца шматлікія праекты ў эканоміцы, прамысловасці, навуцы і не толькі.
Перад пачаткам канцэртнай праграмы ў гасцей была магчымасць азнаёміцца з фотавыставай БЕЛТА «Дзве краіны — адна дзяржава Саюзная». На маляўнічых стэндах адлюстравана шматгадовая гісторыя саюза дзвюх краін — Беларусі і Расіі.

З прывітальным словам ад Прэзідэнта Беларусі выступіла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч. «Вектары палітыкі Саюзнай дзяржавы застаюцца нязменнымі — гэта мір і згода, адзінства і прагрэс, дабрабыт і сацыяльная справядлівасць. Братэрскія народы даражаць пранесенымі скрозь стагоддзі традыцыямі даверу, па праву ганарацца агульнай гісторыяй, свята шануюць памяць продкаў, духоўна-маральныя каштоўнасці. Важкія сумесныя дасягненні дапамагаюць мільёнам беларусаў і расіян годна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей і з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень. Узаемавыгаднае партнёрства ў розных сферах, усё большыя аб’ёмы гандлю, рэалізацыя двухбаковых праграм і праектаў адкрываюць новыя магчымасці для ўстойлівага павышэння дабрабыту нашых народаў, — зачытала яна прывітальны адрас. — Прытрымліваючыся шляху цеснай інтэграцыі, мы можам адказваць на выклікі сучаснасці, павышаць узровень жыцця і дабрабыту, сумесна выхоўваць дастойную змену, якая прадоўжыць эстафету пакаленняў». 
Павіншаваў гасцей мерапрыемства і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў. «За мінулыя гады Расія і Беларусь дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню ўзаемадзеяння. Нашы братэрскія народы аб’ядноўваюць агульныя духоўныя і маральныя каштоўнасці: традыцыі добрасуседства, гісторыя, культура. Разам мы пераадольваем выклікі і пагрозы. Гэта робіць нас мацней. Важна прадаўжаць работу па збліжэнні заканадаўства ў інтарэсах грамадзян нашых краін, — адзначыў ён. — Са святам, Днём адзінства народаў Беларусі і Расіі. Здароўя. Дабрабыту і ўсяго самага добрага вам».

Кульмінацыяй святочнай праграмы стаў канцэрт «Сіла зямлі — сувязь народаў». Сярод калектываў — Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.Цітовіча, Дзяржаўны ансамбль Расійскага казацтва, Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі, Мітрапалічы хор Святадухаўскага кафедральнага сабора ў Мінску, Новасібірскі хор акадэміі Ігара Крутога. Таксама выступілі беларускі спявак Пётр Ялфімаў, заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткачэнка, народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, акцёры беларускіх тэатраў і пераможцы фестываляў і конкурсаў. Асобным блокам нумароў гледачоў парадаваў Дзяржаўны ансамбль Расійскага казацтва. Фіналам канцэрта стала выкананне песні «Расія і Беларусь» беларускімі спевакамі Ірынай Дарафеевай і Пятром Ялфімавым.
Фота Таццяны Матусевіч, Максіма Гучака






