«Яны прыклад для нас». Сувораўцы расказалі пра сваіх продкаў, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну
3 снежня, Мінск . Выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча падзяліліся з журналістамі гісторыямі сваіх продкаў, якія сталі сведкамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны,
Старшы віцэ-сяржант Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Іван Навіцкі ўпэўнены, што моладзь абавязана захоўваць гістарычную памяць. «Трэба берагчы гэты своеасаблівы мосцік паміж пакаленнямі, каб ні ў якім разе не дапусціць паўтарэння тых страшных падзей, праз якія прайшлі нашы продкі. У нашым вучылішчы праходзіць шмат мерапрыемстваў. Я прымаў удзел у праекце «Без тэрміну даўнасці» і заняў першае месца. Мы збіралі інфармацыю пра сваіх сямейных герояў. Мой прадзядуля Салаўёў Іван Яфімавіч прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. Ён прыклад для мяне», — адзначыў суворавец. 
Ён дадаў, што яго прадзед пачаў свой баявы шлях у Талачынскім раёне і дайшоў да Берліна. «У час баёў ён быў паранены ў нагу асколкам. Прадзядуля застаўся на фронце і прайшоў вайну да канца. Я ім ганаруся», — падкрэсліў выхаванец вучылішча.
Суворавец Мацвей Барычэўскі расказаў, што і яго сям’ю закранула вайна. «Маёй прабабулі было 15 гадоў, калі прыйшлі акупанты. Яна тады жыла ў вёсцы. Прабабуля гаварыла, што фашысты былі страшнымі людзьмі, яны спальвалі ўсё на сваім шляху. Таксама яна расказвала, што некаторых людзей яны забіралі з сабой і выкарыстоўвалі для вопытаў», — адзначыў ён.
Выхаванец вучылішча ўпэўнены, што моладзь павінна памятаць подзвіг сваіх продкаў і шанаваць яго. «Патрэбна гэта для таго, каб у нас была будучыня. Напрыклад, мы, сувораўцы, пастаянна ўдзельнічаем у парадах, тым самым ушаноўваем памяць аб Вялікай Айчыннай вайне», — рэзюмаваў Мацвей Барычэўскі.
У Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы прайшла патрыятычная акцыя «Салдату Перамогі прысвячаецца…». У ёй прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Прэзідыума Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў, сувораўцы ўсіх курсаў, выкладчыкі і выхавальнікі вучылішча. На мерапрыемстве аўдыторыі былі прадстаўлены падрыхтаваныя дэпутатамі відэаролікі, якія расказваюць пра лёсы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з усіх рэгіёнаў Беларусі.






