Якія парушэнні ў сталовых ёсць і на што скардзяцца школьнікі, расказалі ў КДК па выніках праверак
24 кастрычніка, Мінск . Кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы арганізацыі школьнага харчавання дазволяць выйсці на канкрэтныя прапановы па яго ўдасканаленні. Гэта адзначыў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Андрэй Лабовіч,
Як адзначыў Андрэй Лабовіч, КДК пытанням арганізацыі школьнага харчавання ўдзяляецца пастаянная ўвага. «Гэтым мы займаемся штогод і за апошнія некалькі гадоў зрухі ў арганізацыі школьнага харчавання ёсць. Створана сістэма, яна працуе, аднак кантрольныя мерапрыемствы, якія мы праводзім, выяўляюць пэўныя недахопы», — расказаў Андрэй Лабовіч. 

Адзін з такіх негатыўных прыкладаў — недаўкладанні прадуктаў. Пры гэтым, паводле слоў прадстаўніка КДК, лішкі, якія ўтвараюцца, правакуюць работнікаў непасрэдна на крадзяжы. «Такія факты ўстанаўліваюцца практычна ў кожным рэгіёне краіны. Яны, на жаль, не адзінкавыя, і гэту сістэму неабходна выкараняць. Сярод абуральных прыкладаў — факты падрыхтоўкі да крадзяжу значных аб’ёмаў прадуктаў у школьных сталовых у Салігорску і Глуску. Выяўляліся і выпадкі захоўвання прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Адзначу, што калі дырэктар школы сам непасрэдна правярае арганізацыю харчавання, сам на пастаяннай аснове наведвае харчаблок, кантралюе работнікаў, то ў такіх школах гэтых праблемных пытанняў практычна не ўзнікае», — адзначыў Андрэй Лабовіч.
Яшчэ адна з існуючых праблем — вялікая колькасць адходаў. «Дзеці з-за розных прычын не заўсёды ядуць тыя стравы, якія прапануюцца ў меню», — адзначыў ён. 

У размове са школьнікамі прадстаўнікі КДК часта чуюць ад іх скаргі на тое, што ежа бывае недастаткова цёплай, што зніжае яе якасць і садзейнічае ўтварэнню адходаў. «У такіх выпадках дзеці проста не ядуць прыгатаваныя снеданні і абеды, таму што ежа не адпавядае стандартам. Мы ўсе гэтыя моманты адзначаем», — падкрэсліў Андрэй Лабовіч. 



Задача кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў, якія праводзяцца КДК, — выйсці на канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні школьнага харчавання. 






Фота Раміля Насібуліна






