Хірургічная праўда Шамякіна. Прэм’ера ў Купалаўскім: чым адметная?
Толькі сціхлі воплескі пасля пампезнага неануарнага «Замка Альшанскага» (сто касцюмаў, амаль столькі ж светлавых пераходаў), як хрэстаматыйны беларускі раман «Сэрца на далоні» — твор, які раней ніколі не ставіўся на сцэне Купалаўскага, — нарэшце знайшоў сваё ўвасабленне ў галоўным тэатры краіны.
…Ціха віруе залатое лісце над помнікам у Аляксандраўскім скверы. Пад вялізнай таполяй на пастаменце з дзвюх гранітных пліт — сціплы тэкст гістарычнай даведкі, стылізаваныя абрыўкі калючага дроту і сляды босых ног, што вядуць у бессмяротнасць. Там, дзе стаялі шыбеніцы, сёння гарэзнічае мілая вавёрка. Тут, літаральна за два крокі ад гарадскога тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), 26 кастрычніка 1941 года фашысцкія каты публічна пакаралі смерцю першую групу мінскіх падпольшчыкаў. Другую групу, у тым ліку сакратара Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б Ісая Казінца, павесілі на ліхтарах уздоўж сённяшняга праспекта Незалежнасці 7 мая 1942 года.
Гэтыя падзеі — ключавыя ў рамане Шамякіна. Яны ж сталі стрыжнем спектакля, які паставіў новы мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра, 41-гадовы расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў. Гэта яго трэцяя пастаноўка на купалаўскай сцэне і першая — на пасадзе мастацкага кіраўніка, на якую яго запрасілі ў сакавіку. Першы сур’ёзны дотык да беларускай літаратурнай традыцыі, якая раней была яму зусім незнаёмая.
Рэжысёр сам зрабіў інсцэніроўку, і, на мой погляд, вельмі трапна. Назваць яе новым прачытаннем не выпадае, бо «старых», лічы, і не было — чысты аркуш.
— Ужо не памятаю, якім было «Сэрца на далоні» ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры, што мне пашчасціла афармляць, — усміхаецца вядомы жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Апіёк. — Спектакль праваліўся! Ад прэм’еры ў пачатку 1966-га да яго знікнення з афішы прайшло хіба два-тры месяцы.
Не надта пашанцавала і тэлеспектаклю Віктара Карпілава, знятаму ў 1964-м па гарачых слядах першай публікацыі рамана ў часопісе «Полымя».
І спектаклю Барыса Эрына, прэм’ера якога адбылася ў Купалаўскім напярэдадні новага 1967 года. Пастаноўка, кажуць, была дасканалая, але запіс яе не захаваўся.
Так што ніякіх зачэпак, адкуль можна было б запазычыць ідэю, стылістыку ці вобраз, у Акімава не было. Толькі ўласная інтуіцыя і глыбокае — ізноў жа, на інтуітыўным узроўні — разуменне душы беларуса, яго светапогляду і гістарычнага шляху.
Дзмітрый Акімаў, мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра і рэжысёр спектакля «Сэрца на далоні»
— Маё першае спатканне з Мінскам адбылося ў 2023 годзе, калі мяне запрасілі ў Купалаўскі на пастаноўку «А зоры тут ціхія», — расказвае рэжысёр. — Я ішоў праз сквер да службовага ўвахода ў тэатр і скалануўся, калі ўбачыў надпіс на гранітнай пліце: «На гэтым месцы гітлераўцы каралі смерцю савецкіх патрыётаў». Для мяне, ураджэнца Сібіры, гэта стала сапраўдным узрушэннем. Тут, ля тэатральных муроў, мужна прынялі смерць героі. Пад вялікім уражаннем я пайшоў у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паглядзеў на фатаграфіі, шмат чаго даведаўся пра мінскае падполле. І цяпер штораз па дарозе ў тэатр у мяне перахоплівае горла.
Гэта асабістая пранізлівасць, здаецца, і стала тым «хірургічным» скальпелем, якім Акімаў выразаў з масіўнага шамякінскага тэксту ўсё лішняе, пакінуўшы толькі аголены нерв чалавечага выбару. У спектаклі няма месца савецкай рыторыцы — толькі жывыя людзі, якія апынуліся перад выбарам: здрадзіць ці застацца верным сабе, калі за спінай — толькі холад ліхтароў і бязлітасная гісторыя.
Рэжысёр свядома адмовіўся ад сюжэтнай лініі «дзяцей» — Славіка, Тараса, Ірыны, — бо яны не ўдзельнічаюць у стрыжнёвых падзеях рамана.
Цэнтральны вобраз і скразная метафара спектакля — аперацыя на сэрцы, якую праводзіць доктар Яраш. Ён агаляе хворае сэрца Зосі Савіч — жанчыны, якая ў 1942 годзе ў акупаваным Мінску выратавала яго ад гітлераўскіх шпегаў. Трымаючы гэта сэрца на далоні, хірург ювелірнымі надрэзамі скальпеля вяртае ёй жыццё.
Аднаўленне справядлівасці — такая ж балючая, смяротна небяспечная і жыццёва неабходная аперацыя. Яна патрабуе бясстрашнасці, хірургічнай дакладнасці і абсалютнага разумення мэты. Журналіст Шыковіч, сябра Яраша, бярэ на сябе гэтую нялёгкую місію і без гучных слоў даводзіць справу да канца. Не дзеля пісьменніцкай славы, а дзеля праўды, бо ў беларускім светаўспрыманні справядлівасць роўная праўдзе. Яна — фундамент, на якім трымаецца жыццё.
«Падумай, як было б крыўдна і несправядліва, каб, напрыклад, гісторыя абароны Брэсцкай крэпасці так і засталася пахаванай пад яе руінамі…» — гэтыя словы Шамякін уклаў у вусны Шыковіча задоўга да 25 верасня 1971 года, калі Пётр Машэраў запаліў Вечны агонь на плошчы перад цытадэллю. Калі б не журналісцкі подзвіг Сяргея Смірнова, гэты акт гістарычнай справядлівасці мог не адбыцца. Поўная версія яго лёсавызначальнай кнігі «Брэсцкая крэпасць» выйшла ў 1964 годзе — адначасова з «Сэрцам на далоні».
А ў 1965-м беларускі журналіст і пісьменнік Іван Новікаў надрукаваў першую частку сваёй славутай трылогіі пра мінскае падполле — «Руіны страляюць ва ўпор». У ёй дакументальна прасочваюцца падзеі, пра якія Шамякін пісаў намёкамі, у свабоднай мастацкай форме. Аднак пісьменнік ведаў праўду задоўга да таго, як 8 мая 1965 года Ісай Казінец (прататып Паўла Тарасава), Яўген Клумаў (доктар Савіч), Уладзімір Амельянюк, Іван Кабушкін і Мікалай Кедышка былі пасмяротна ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза.
Шамякін ведаў гістарычную праўду і яе балючы, часам непад’ёмны кошт. Менавіта пра гэта спектакль Дзмітрыя Акімава, дзе рэжысёр знайшоў пераканаўчыя сродкі, каб данесці гэту думку да сучаснага гледача.
Аскетызм пастаноўкі актуальны і для 1942-га, і для зімы 1961 года, калі Шыковіч уступае ў супрацьстаянне са старшынёй гарвыканкама Сямёнам Гуканам. Халодныя муры, пабеленыя зверху і пафарбаваныя ў моташлівы шэра-зялёны колер знізу. Цёмныя вокны, адкуль на цябе ўпотайкі глядзяць чыесьці вочы ці твая незабытая мінуўшчына. Сінхронныя, як механічны гадзіннік, рухі санітараў і медсясцёр — выдатны фон для антычнай драмы. Ці для чорна-белага савецкага кіно, якое транслюецца на вялізны экран проста над сцэнай: глядач не адразу ўсведамляе, што гэта тая самая дзея, толькі ў іншых ракурсах і з іншага пункту гледжання — як у прамым, так і ў пераносным сэнсе.
— Мы не імкнёмся паўтарыць эпоху, — гарачыцца Акімаў. — У нас не гісторыка-побытавы спектакль. Хто хоча ўбачыць касцюмы таго часу, хай ідзе ў музей. Тэатр — не музей. Ён не мае права спачываць на лаўрах, яго абавязак — адчуваць пульс часу і зазіраць у будучыню.
Будучыню, якая, на жаль, немагчымая без мінуўшчыны. Тэатр аналізуе яе цвяроза і жорстка, без эківокаў паказваючы, дзе дабро, а дзе зло. Пастаноўка не грэбуе ўзрушанымі дакументальнымі кадрамі: вось жалобны мітынг па Сталіне — а ўнізе, на сцэне, засяроджана аперыруюць Зосю. Вось эпахальны даклад Хрушчова з выкрыццём культа асобы. Вось страшная сцэна фашысцкай расправы над падпольшчыкамі ў Аляксандраўскім скверы. Чорна-белае кіно над купалаўскай сцэнай арганічна ўпісваецца ў гэтую стылістыку, нагадваючы стужкі беларускіх кінакласікаў Корш-Сабліна і ранняга Турава, і адначасова — самую жорсткую рэальнасць.
Тэатр зазірае ўнутр чалавечай душы гэтак жа, як доктар Яраш разразае грудную клетку Зосі, каб убачыць яе трапяткое сэрца. Без такой «хірургіі», без адмовы ад спрошчанага падзелу на чорнае і белае, на дабро і зло, немагчымае сапраўднае ачунянне.
Аднак рэжысёр Акімаў папярэджвае:
— Не бывае носьбітаў толькі дабра ці толькі зла. Нават такі беззаганны рыцар, як Яраш, мае на сумленні грэх забойства. Гэта здарылася ў час акупацыі: ён свядома выканаў партыйны прысуд, адпомсціў паліцаю за гібель таварышаў. Але нават праведнае забойства кладзецца на душу нязносным цяжарам.
Гэтаксама і старшыня выканкама Гукан, з якім змагаюцца Шыковіч і Яраш, — не вылюдак і не параджэнне пекла. Ён руплівы гаспадарнік, добры муж і дбайны бацька. Менавіта дзякуючы яго намаганням горад пасля вайны паўстаў з руін.
— У мяне не паварочваецца язык назваць свайго персанажа адмоўным, — прызнаецца акцёр Аляксандр Пашкевіч, выканаўца ролі Гукана. — У яго характары занадта шмат усяго намешана. Праз страх за ўласную скуру ён абылгаў адважнага падпольшчыка доктара Савіча, які калісьці яго выратаваў, і ўзвёў паклёп на яго дачку Зосю. Гукан б’ецца ў сутаргах, каб праўда не выйшла вонкі, бо яна перакрэсліць усё добрае, што ён зрабіў у жыцці. Хачу, каб у канцы спектакля гледачы яму спачувалі, бо праўда — складаная і шматмерная, адным словам яе не выкажаш.
Найбольш відавочны водападзел у спектаклі пралягае паміж персанажамі, апантанымі пошукам гістарычнай справядлівасці (Шыковіч, Яраш, Зося, медсястра Маша, супрацоўнік КДБ Сербаноўскі, былая асістэнтка Савіча Клаўдзія Сухадол), і тымі, для каго існуюць толькі ўласныя эгаістычныя жарсці. Зайздросная жонка і «закаханая» галоўурач тэрарызуюць Яраша: яны не заўважаюць той барацьбы, якую ён вядзе, і замест падтрымкі толькі здзекваюцца ды шкодзяць.
Арбітрам паміж праўдай і хлуснёй у спектаклі выступае сакратар гаркама партыі Тарасаў.
А цэнтр, вакол якога разгортваецца дзеянне, — доктар Савіч у выкананні 83-гадовага заслужанага артыста БССР Уладзіміра Рагаўцова. І акцёр, і яго герой выклікаюць глыбокую пашану. Сваімі апладысментамі мы аддаём доўг памяці мінскаму падполлю і адначасова ўшаноўваем стары Купалаўскі тэатр, які калісьці любілі і якога — на шчасце ці на боль — ужо няма.
— Нарадзіўся зусім іншы тэатр: адважны, сучасны, па-новаму псіхалагічны, — сцвярджае заслужаная артыстка БССР Тамара Нікалаева-Апіёк, якая служыць у Купалаўскім больш як паўстагоддзя. — Спектакль мне вельмі спадабаўся. У ім ёсць гаючая сіла, ёсць сапраўдны катарсіс.
Ці стане «Сэрца на далоні» такім жа маніфестам для Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якім у 1960-я гады былі «Людзі на балоце»? Жыццё пакажа. Пакуль што квіткоў няма ні на лістапад, ні на снежань. А значыць, твор трапіў у цэль: глыбока ў сэрца гледачоў.
| Юлія Андрэева, часопіс «Беларуская думка»; фота Аляксандра Горбаша, .
Читайте также:
Все знают Купаловский. А какие еще театры есть в Беларуси? Говорим о Бресте и Витебске
«Петрушечный театр у нас не прижился». Что отличает белорусский народный театр от прочих
«Никогда не лицемерил». Каким запомнила Ивана Шамякина его дочь?






