Хараство традыцыйнай культуры пакажуць майстры і артысты Брэсцкай вобласці на «Купаллі» ў Александрыі
Фота з архіва 17 чэрвеня, Брэст . Прыгажосць традыцыйнай культуры пакажуць майстры і артысты Брэсцкай вобласці на свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), паведамілі ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкама.
Паўднёва-заходні рэгіён на рэспубліканскім свяце прадставяць 35 мастроў. Яны жывуць і творча працуюць у Баранавіцкім, Бярэзінскім, Брэсцкім, Жабінкаўскім, Івацэвіцкім, Кобрынскім, Ляхавіцкім, Маларыцкім, Камянецкім, Лунінецкім і іншых раёнах Брэсцкай вобласці. Некаторыя з іх — народныя майстры Беларусі, якія беражліва захоўваюць традыцыі, аднаўляюць іх страчаныя элементы.
На «Купалле» майстры Брэсцкай вобласці прадэманструюць рэгіянальныя асаблівасці і прыадкрыюць сакрэты вышывання, ткацтва, саломапляцення, размалёўкі, разьбы, лозапляцення, пляцення паясоў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншых рамёстваў. «Мы пакажам усё хараство традыцыйнай культуры Брэстчыны», — паабяцалі ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкама.
На сцэнічнай пляцоўцы «Беларусь. Адзінства. Мы» з канцэртнай праграмай выступіць заслужаны аматарскі калектыў, народны ансамбль песні і танца «Палескія зоры» імя М.В. Цурканава. «У наступным годзе мы будзем святкаваць 50-годдзе з дня ўтварэння нашага калектыву. Стараемся на працягу ўсіх гэтых гадоў паказваць культуру Палесся, Піншчыны, Брэсцкага рэгіёна, побыт і дух палескага чалавека, яго працу. Будзем прадстаўляць у Александрыі праграму, якая называецца «Спявай, красуй, Палессе». Спяём пра нашу Брэстчыну, пра пінчукоў, спяём і жартоўныя, і лірычныя песні. Прагучаць аўтэнтычныя песні нашага рэгіёна, што адлюстравана ў касцюмах таксама», — заўважыў мастацкі кіраўнік ансамбля «Палескія зоры» Сяргей Паддубны.
Пінскія артысты даўно марылі выступіць на свяце ў Александрыі. Прадстаўнікі Брэсцкай вобласці маюць намер гледачам на «Купалле» падарыць пазітыўныя эмоцыі і яркія ўражанні, паказаць шырыню душы жыхароў палескага краю.