Спорт

Хакейная каманда Прэзідэнта першай выйшла ў фінал РХЛ

29 сакавіка, Мінск . Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі стала першым фіналістам Рэспубліканскай хакейнай лігі (РХЛ),
Сёння на лёдзе «Алімпік-Арэны» ў Мінску дружына кіраўніка дзяржавы ў першым паўфінальным паядынку перамагла каманду Магілёўскай вобласці з лікам 9:3 (4:1, 3:1, 2:1).
Сённяшнія сапернікі зусім нядаўна сустракаліся ў заключным матчы рэгулярнага сезона, і тады прэзідэнцкая каманды выйграла толькі з мінімальнай перавагай — 8:7. Паўфінальная гульня пачалася з атак гаспадароў, і ўжо на 3-й хвіліне лік адкрыў лепшы бамбардзір турніру Андрэй Касціцын, які закінуў сваю шостую шайбу ў гэтым сезоне. У сярэдзіне першага перыяду вызначыўся Мікалай Лукашэнка, для якога гэта таксама шостая шайба. Госці, гуляючы ў колькаснай меншасці, адказалі голам Аляксандра Мацярухіна, а незадоўга да перапынку Андрэй Антонаў і Алег Антоненка яшчэ двойчы трапілі ў вароты магіляўчан. Менш чым праз хвіліну пасля аднаўлення гульні Максім Парфеявец і Аляксей Баранаў, адным з асістэнтаў якога быў Аляксандр Лукашэнка, павялічылі перавагу да пяці шайбаў — 6:1. У канцы другой трэці матчу пасля эфектнай перадачы Паўла Волчака свой бамбардзірскі лік папоўніў Андрэй Касціцын, а ў гасцей дакладны кідок нанёс Мацвей Вінкевіч — 7:2. У заключным перыядзе ў складзе пераможцаў вызначыліся Аляксей Шантыка і Андрэй Глебаў, у сапернікаў шайбу закінуў Максім Луцкі. Лепшымі ігракамі сённяшняй сустрэчы прызнаны Андрэй Касціцын і Кірыл Палякоў. Прызы ім уручыў лідар каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч.
Як звычайна, у перапынках хакейнага матчу ў «Алімпік-Арэне» шматлікія балельшчыкі ўбачылі выступленні беларускіх выканаўцаў, прынялі ўдзел у конкурсах на лядовай пляцоўцы, а пасля завяршэння гульні сталі ўладальнікамі мяккіх цацак ад прэзідэнцкай каманды.
Другі фіналіст вызначыцца сёння пасля паядынку хакеістаў Мінскай і Гродзенскай абласцей.  На першым этапе дружына кіраўніка дзяржавы перамагла ў Мінску хакеістаў Гродзенскай вобласці (10:3), потым выйграла ў Жлобіне ў каманды Гомельскай вобласці (5:2), затым зноў у Мінску абыграла сапернікаў з Брэсцкай вобласці (8:2), Віцебскай вобласці (10:4), Мінскай вобласці (3:2) і Магілёўскай вобласці (8:7). Бамбардзірскую гонку РХЛ узначальвае Андрэй Касціцын, у якога 18 балаў — 7 шайбаў і 11 рэзультатыўных перадач.
У фінальнай серыі мінулага аматарскага турніру лядовая дружына Прэзідэнта двойчы абыграла хакеістаў Мінскай вобласці — 5:2 і 10:8 — і 15-ы раз стала пераможцай гэтых спаборніцтваў. Па адным тытуле ў каманд Гомельскай і Мінскай абласцей. Арганізатары хакейнага аматарскага турніру — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»