Эканоміка

Гендырэктар беларуска-польскага прадпрыемства: мы павінны жыць як суседзі і развіваць адносіны

25 красавіка, Гродна . Беларусь і Польшча павінны жыць як суседзі, дружна, развіваць эканамічныя адносіны. Такім меркаваннем перад дыялогавай пляцоўкай «Рэаліі і перспектывы беларуска-польскага супрацоўніцтва як аснова для міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння на сучасным этапе» падзяліўся з журналістамі генеральны дырэктар завода «Бел-Пласт Інтэрнэшнл», першы намеснік старшыні Асацыяцыі польскага бізнесу ў Беларусі Анатоль Вялікін,
«Я хачу падзякаваць Гродзенскаму абласному выканаўчаму камітэту за арганізацыю такога важнага, вельмі патрэбнага і карыснага мерапрыемства. Вельмі прыемна, што сабраліся вядучыя кампаніі Гродзенскай вобласці, і радасна, што прыехалі партнёры з Польшчы. Гэта абнадзейвае і дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Мы ўсе хочам, каб мы жылі як суседзі, дружна, працавалі, развівалі нашы эканамічныя адносіны», — сказаў Анатоль Вялікін.
Ён звярнуў увагу, што прадпрыемства, якім ён кіруе, з’яўляецца сумесным беларуска-польскім, якому 26 гадоў. «За гэтыя гады мы дабіліся вельмі вялікіх вынікаў. Мы з’яўляемся неаднаразовымі пераможцамі прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці, шэсць разоў — лаўрэаты прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь. Шмат розных у нас дасягненняў і ўзнагарод, і гэта прадпрыемства з замежным капіталам. Прыходзьце да нас, у нашу родную Беларусь, і працуйце з намі, толькі адна ўмова — працаваць трэба сумленна. Калі вы будзеце працаваць сумленна, то ўсе дарогі адкрыты для эканамічнага развіцця прадпрыемстваў», — сказаў Анатоль Вялікін.
Адказваючы на пытанне, ці адчула прадпрыемства праблемы ў сувязі з пагаршэннем адносін паміж краінамі, Анатоль Вялікін адзначыў, што, безумоўна, гэтыя праблемы існуюць. «Але мы прадаўжаем працаваць, знаходзім новыя рынкі збыту. Мы развіваемся, не стаім на месцы. Той, хто хоча працаваць, — той працуе, хто хоча — той шукае магчымасць. А хто не хоча — шукае прычыны, каб не працаваць і расказваць аб тых цяжкасцях, якія ўзніклі», — дадаў ён.
У мэтах актывізацыі беларуска-польскага супрацоўніцтва, устанаўлення новых і аднаўлення ўжо існуючых кантактаў прадстаўнікоў бізнесу дзвюх краін Гродзенскі аблвыканкам пры ўдзеле Асацыяцыі польскага бізнесу ў Беларусі арганізаваў дыялогавую пляцоўку «Рэаліі і перспектывы беларуска-польскага супрацоўніцтва як аснова для міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння на сучасным этапе».
Фота Леаніда Шчаглова

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»