Флагманы фармацэўтычнай галіны Беларусі прадстаўлены на выстаўцы ў Баку
Фота УП «Белінтэрэкспа» 30 кастрычніка, Мінск . З 30 кастрычніка па 1 лістапада ў Баку праходзіць 27-я Азербайджанская міжнародная выстаўка медыцынскіх інавацый MEDINEX 2025, у якой прымаюць удзел флагманы фармацэўтычнай галіны і сферы вытворчасці вырабаў медыцынскага прызначэння з Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым паведамілі ва УП «Белінтэрэкспа».
Выстаўка MEDINEX — гэта ключавое і комплекснае мерапрыемства ў сферы медыцыны і аховы здароўя ў Азербайджане і месца сустрэчы вытворцаў, дыстрыб’ютараў і прафесіяналаў галіны. Падзея аб’ядноўвае дзясяткі кампаній і арганізацый сферы медыцыны і аховы здароўя, навукі і профільнай адукацыі з амаль 15 краін свету, у тым ліку з Італіі, Егіпта, Амана, Польшчы, Расіі, Турцыі, Узбекістана.
Беларуская экспазіцыя прадстаўлена кампаніямі вядучага галіновага холдынга «Белфармпрам», сярод якіх «Белмедпрэпараты», Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, «Мінскінтэркапс», «Экзон», «ФрэБор», а таксама навукаёмістым прадпрыемствам «Акадэмфарм», якое дынамічна развіваецца. Беларускія кампаніі дэманструюць шырокую вытворчую лінейку лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння, біялагічна актыўных дабавак і спецыялізаванай прадукцыі.
У дзень адкрыцця беларускую экспазіцыю наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы Дзмітрый Піневіч, які правёў сустрэчы з удзельнікамі і прадстаўнікамі айчынных кампаній.
Вопыт айчынных спецыялізаваных вытворцаў запатрабаваны ў Азербайджане і рэгіёне. У рамках MEDINEX прадстаўнікі беларускай дэлегацыі прымуць удзел у тэматычных сесіях і круглых сталах з удзелам замежных партнёраў і лідараў галіны.
Сярод асноўнага дзелавога парадку дня выстаўкі — інавацыі і актуальныя тэндэнцыі ў развіцці сферы медыцыны і аховы здароўя, у тым ліку ўкараненне штучнага інтэлекту ў вытворчыя працэсы і роля сучасных інфармацыйных тэхналогій у медыцынскі практыцы.
Аператарам беларускай экспазіцыі выступае ўнітарнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, адным з ключавых напрамкаў у рабоце якога з’яўляецца арганізацыя ўдзелу галіновых прадпрыемстваў у міжнародных спецыялізаваных выстаўках.
Так, цяпер завяршаецца падрыхтоўка да ўдзелу беларускіх кампаній у выставачнай частцы ў рамках міжнароднага навукова-практычнага форуму «Расійскі тыдзень аховы здароўя 2025» у Маскве. Форум праводзіцца штогод з 1974 года і пазіцыянуецца як самы маштабны і комплексны праект у галіне медыцыны і аховы здароўя.






