Культура

Эксклюзіўныя кадры беларускіх фільмаў аб вайне пакажуць на выставе ў Мінску

Фота mamago.by 21 красавіка, Мінск . У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» 23 красавіка адкрыецца выстава эскізаў і кадраў з фільмаў савецкіх аўтараў «Беларускі кінематограф аб Вялікай Айчыннай вайне». Экспазіцыя прымеркавана да 80-гадовага юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове.

Як расказалі ў мастацкай галерэі, выстава падзелена на дзве тэматычныя часткі, якія змяшчаюць шматлікія, у тым ліку эксклюзіўныя, візуальныя матэрыялы з гісторыі беларускага кінематографа. Унікальная выстава эскізаў і кадраў з лепшых беларускіх фільмаў адлюстроўвае трагедыю вайны ў яркіх візуальных вобразах, якія перадаюць сардэчны боль.

Першая частка выставы ўключае кадры з фотатэкі Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» (фільмы «Канстанцін Заслонаў», «Дзяўчынка шукае бацьку»), а таксама матэрыялы з фотатэкі Дзяржфільмафонду Азербайджана. Вялікую цікавасць уяўляюць малавядомыя кадры са здымак класічных кінастужак з фотатэкі Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»: «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Праз могілкі», «Я родам з дзяцінства», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Альпійская балада» і многія іншыя.

Вядомы калекцыянер Н.М. Майданская прадаставіла фатаграфіі выдатнага савецкага фатографа М.У. Гнісюка: гэта кадры са здымак фільма «Ідзі і глядзі», дзе зняты акцёр Аляксей Краўчанка і лакацыі каля вёскі Каменка Смалявіцкага раёна, а таксама здымачны працэс карціны «Дажыць да світання». З фотатэкі калекцыянера Я.Ф. Коктыша ўключаны фатаграфіі пісьменніка Алеся Адамовіча, кінарэжысёра Элема Клімава і мастака-графіка Георгія Паплаўскага ў час здымак стужкі «Ідзі і глядзі».

Папулярныя беларускія кінакарціны на тэму вайны прадстаўлены таксама фатаграфіямі з фотатэкі БЕЛТА і газеты «Звязда» («У жніўні 44-га…», «Брэсцкая крэпасць»).

Другую частку выставы складаюць эскізы і жывапісныя работы мастакоў беларускага кіно, сярод якіх нямала ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Матэрыялы прадастаўлены з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. На выставе можна азнаёміцца з работамі выдатных аўтараў, сярод якіх вылучаюцца Юрый Альбіцкі (фільмы «Воўчая зграя», «Дзень вяртання»), Уладзімір Белавусаў («Чужое імя», «Руіны страляюць…», «Доўгія вёрсты вайны», «Жадаю ўдачы»), Яўген Ганкін («Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Я родам з дзяцінства», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Мама, я жывы!», «Яго батальён»), Уладзімір Дзяменцьеў («Трэцяя ракета», «Праз могілкі») і іншыя.

Арганізатарамі выставы выступілі: Беларускі саюз кінематаграфістаў, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей і мастацкая галерэя «Універсітэт культуры». У рамках выставы пройдуць творчыя сустрэчы з кінематаграфістамі і паказы беларускіх фільмаў.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»