Культура

Дзеці малююць Мінск. У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава «Дыямент дзіцячых фантазій»

Фота Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 15 кастрычніка, Мінск . Выстава дзіцячых работ «Дыямент дзіцячых фантазій», прымеркаваная да Тыдня бацькоўскай любові і 20-годдзя будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адкрылася 15 кастрычніка,

Экспазіцыя аб’яднала 37 конкурсных работ юных мастакоў ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў, заяўленых на рэспубліканскі конкурс «Мінск, у якім я жыву», а таксама 10 пазаконкурсных работ ад хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не прайшлі на конкурс па ўзросце.

Як расказала галоўны рэдактар часопіса «Качели» Таццяна Гуляева, на конкурс паступіла 196 работ. Часцей за ўсё малявалі Прывакзальную плошчу, Траецкае прадмесце і Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Са 196 работ 37 былі прысвечаны менавіта ёй. Геаграфія ўдзельнікаў таксама шырокая. Работы прысылалі з Мінска, Гомеля, Петрыкава, Смаргоні і Клічава. «Выстава будзе ісці цэлы месяц да 16 лістапада. Гэта цудоўная магчымасць пабываць у Нацыянальнай бібліятэцы не толькі дзецям, але і бацькам, нагода прыйсці сюды сям’ёй», — дадала Таццяна Гуляева.

Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара НББ Віктара Пшыбыткі, многія конкурсныя работы — вынік сумеснай сямейнай творчасці, бо дзяцей накіроўваюць бацькі. Важна, што ў іх бібліятэка асацыіруецца з горадам Мінскам. На малюнках — вобразы, звязаныя з бібліятэкай. Яны паказваюць яе фантастычную атмасферу.

«Самае галоўнае, што на гэтых малюнках бібліятэка прадстаўлена як месца, куды могуць прыйсці і правесці час людзі рознага ўзросту і прафесій. У нас ёсць дзіцячы пакой, і ў той час, калі бацькі пішуць курсавую ці дысертацыю, яны могуць пакінуць сваё дзіця з вопытнымі педагогамі, дзе яно правядзе час з карысцю. Наведваць можна ад трох гадоў. У бібліятэцы вялікі выбар дзіцячай літаратуры: казкі, энцыклапедыі, вядома, падручнікі. Хоць у бібліятэку можна запісацца з 14 гадоў, ёсць выключэнні. Некаторых дзяцей мы запісваем раней са згоды бацькоў і паведамлення з навучальнай установы. Таму я ўпэўнены, што дзеці, якія рабілі гэтыя малюнкі, — гэта нашы будучыя чытачы», — сказаўа на заканчэнне Віктар Пшыбытка.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»