Эфектыўнае кіраванне без дубліравання функцый. Назараў аб рашэннях па сітуацыі ў АПК Магілёўскай вобласці
Юрый Назараў 7 ліпеня, Мінск . Прынятыя Прэзідэнтам рашэнні дадуць магчымасць умацаваць уплыў мясцовых органаў улады на сітуацыю ў аграпрамысловым сектары рэгіёнаў. Такое меркаванне выказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па асобных пытаннях развіцця Магілёўскай вобласці, паведамілі ў Кіраўніцтве справамі Прэзідэнта.
Сёння ў кіраўніка дзяржавы былі разгледжаны пытанні кіравання прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу.
Юрый Назараў па выніках нарады адзначыў, што яшчэ ў лютым 2025 года Прэзідэнт указам нумар 74 «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў» у мэтах узмацнення ролі мясцовых органаў улады ў развіцці рэгіёнаў надзяліў старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню новымі рычагамі кіравання. Кіраўнік дзяржавы разглядае старшынь райвыканкамаў як ключавых кіраўнікоў на давераных ім тэрыторыях, надзеленых максімальнай уладай і персанальнай адказнасцю за эфектыўнасць сельскай гаспадаркі.
Прэзідэнт акцэнтуе ўвагу на тым, што менавіта раённая вертыкаль абавязана забяспечваць тэхналагічную дысцыпліну, парадак на зямлі і фінансавую стабільнасць сельгаспрадпрыемстваў.
«У мэтах рэалізацыі гэтых задач Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта былі ўнесены прапановы па рэарганізацыі аграпрамысловых холдынгаў, якія ўваходзяць у сістэму Кіраўніцтва справамі, і перадачы на бязвыплатнай аснове дзяржаўных пакетаў акцый асобных аграпрамысловых арганізацый з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць адпаведных раёнаў, — падкрэсліў Юрый Назараў. — У прыватнасці, размова ідзе аб шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый у Шклоўскім раёне і некалькіх арганізацыях у іншых раёнах рэспублікі».
Ён таксама расказаў, што за час знаходжання гэтых арганізацый у сістэме Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта была ўдзелена вялікая ўвага ўмацаванню іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па рэканструкцыі і ўзвядзенні новых вытворчых аб’ектаў, а таксама павышэнню эфектыўнасці бягучай дзейнасці. Толькі ў мінулым і бягучым годзе ў развіццё дзейнасці арганізацый аграпрамысловага комплексу інвесціравана больш за 200 млн рублёў. Так, у Шклоўскім раёне мадэрнізаваны жывёлагадоўчыя комплексы, у кіраванне вытворчасцю ўкаранёны сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, такія як дакладнае земляробства, лічбавая ферма, GPS-навігацыя, ERP-сістэмы і іншыя праграмныя прадукты. Мадэрнізаваны камбікормавы завод, пабудаваны новы аграсэрвіс. Цяпер завяршаецца будаўніцтва новага малакаперапрацоўчага завода з магутнасцю перапрацоўкі 300 т малака ў суткі (або 100 тыс. т у год). Такім чынам у Шклоўскім раёне сфарміравана самадастатковая структура поўнага цыкла па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама цэнтралізаваным тэхнічным абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі.
Паводле яго слоў, задача мясцовых органаў улады — забяспечыць эфектыўнае кіраванне гэтым комплексам без дубліравання кіраўніцкіх функцый іншых дзяржаўных органаў і кіруючых кампаній. Яны тут адыгрываюць ключавую ролю, непасрэдна ўзаемадзейнічаюць з людзьмі, глыбока ведаюць патрэбнасці насельніцтва, могуць своечасова рэагаваць на праблемы і вырашаць увесь комплекс задач па развіцці падведамных тэрыторый.
«Таму, лічу, што прынятыя рашэнні дадуць магчымасць умацаваць уплыў мясцовых органаў улады на сітуацыю ў аграпрамысловым сектары рэгіёнаў, павысіць эфектыўнасць яго работы і раскрыць рэзервы для якаснага росту ўзроўню жыцця як у рэгіёнах, так і ў краіне ў цэлым», — рэзюмаваў кіраўнік спраў Прэзідэнта.






