БУТБ і Дубайская біржа золата і тавараў будуць супрацоўнічаць у сферы клірынгу
Фота з архіва 4 красавіка, Мінск . Беларуская ўніверсальная таварная біржа і Дубайская біржа золата і тавараў (Dubai Gold & Commodities Exchange, DGCX), якая з’яўляецца буйнейшай пляцоўкай для гандлю дэрыватывамі ў рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі (MENA), плануюць наладзіць супрацоўніцтва ў сферы клірынгу. Такая дамоўленасць дасягнута ў ходзе сустрэчы старшыні праўлення БУТБ Аляксандра Асмалоўскага са старшынёй праўлення DGCX Ахмедам Бін Сулаемам, паведамілі ў прэс-службе БУТБ.
Паколькі цяпер БУТБ не ажыццяўляе клірынг па біржавых здзелках і ўзаемаразлікі адбываюцца непасрэдна паміж прадаўцамі і пакупнікамі, кіраўнік Дубайскай біржы выказаў гатоўнасць прадаставіць кліентам БУТБ доступ да паслуг разлікова-клірынгавай палаты DGCX. Чакаецца, што выкарыстанне клірынгу дасць магчымасць павысіць аператыўнасць разлікаў і знізіць рызыкі беларускіх удзельнікаў таргоў, асабліва пры заключэнні трансгранічных здзелак.
«У нас больш за 20 гадоў вопыту ў галіне клірынгу, а наша разлікова-клірынгавая палата з’яўляецца буйнейшай у рэгіёне MENA. Пры гэтым мы працуем з рознымі катэгорыямі актываў — валютай, каштоўнымі і некаштоўнымі металамі, вуглевадароднай сыравінай і каштоўнымі паперамі. У гэтых адносінах мы ўніверсальныя і пры неабходнасці зможам лёгка адаптаваць нашы інструменты кіравання рызыкамі пад патрэбнасці беларускіх кампаній. Упэўнены, што наша супрацоўніцтва прынясе рэальную карысць бізнесу Беларусі і ААЭ і надасць стымул развіццю біржавога гандлю паміж нашымі краінамі», — заявіў Ахмед Бін Сулаем.
На думку Аляксандра Асмалоўскага, партнёрства беларускай і эмірацкай біржавых платформ таксама пасадзейнічае павышэнню прывабнасці БУТБ для дзелавых колаў ААЭ, якія па выніках першага квартала ўвайшлі ў лік лідараў па суме біржавых здзелак з рэзідэнтамі Беларусі. «Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — адзін з ключавых рынкаў збыту беларускіх тавараў. За студзень-сакавік эмірацкія кампаніі заключылі біржавыя здзелкі па куплі беларускай прадукцыі на суму каля $24 млн. Гэта ў 9 разоў больш, чым за першы квартал мінулага года. Найбольшым попытам ва ўдзельнікаў таргоў з ААЭ карысталіся беларускія піламатэрыялы, сухое малако і амінакіслоты. Я думаю, што ўкараненне клірынгу пры садзейнічанні DGCX дапаможа прыцягнуць на нашу пляцоўку буйных эмірацкіх імпарцёраў і пасадзейнічае далейшаму росту біржавога тавараабароту Беларусі і ААЭ», — падкрэсліў старшыня праўлення БУТБ.
Акрамя ўзаемадзеяння ў сферы клірынгу, бакі абмеркавалі сумесную работу ў рамках Міжнароднай асацыяцыі біржаў (МАБ). Ахмед Бін Сулаем выказаў зацікаўленасць ва ўдзеле ў гадавым агульным сходзе членаў МАБ, які адбудзецца ў Мінску ў чэрвені бягучага года.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. Беларуская ўніверсальная таварная біржа — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.