«Больш, чым раён». Лукашэнку далажылі аб перадавым вопыце агракамбіната «Дзяржынскі»
17 чэрвеня, Мінскі раён . Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і ўдзельнікам выязнога семінара-нарады па сельскагаспадарчай тэматыцы далажылі аб перадавым вопыце агракамбіната «Дзяржынскі,
Агракамбінат — гэта вертыкальна інтэграванае прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю і перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі. Структура ўключае ў сябе некалькі падраздзяленняў, якія адказваюць за розныя напрамкі дзейнасці, такія як раслінаводства, жывёлагадоўля, перапрацоўка, камерцыйная дзейнасць і кіраванне. Філіялы агракамбіната размешчаны на тэрыторыях некалькіх раёнаў Мінскай вобласці. Работа будуецца па поўным замкнёным цыкле — ад поля і фермы да перапрацоўкі і продажаў, у тым ліку больш як праз сотню фірменных магазінаў.
«Па зямельных угоддзях гэта больш, чым раён. Па вытворчасці збожжа — гэта тры савецкія раёны», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спытаў гендырэктара агракамбіната Уладзіміра Лук’янава, ці няма крыўды на цэнаўтварэнне. «Не», — адказаў кіраўнік прадпрыемства.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу чыноўнікаў, адказных за пытанні цэнаўтварэння, што вопыт агракамбіната трэба браць і тыражаваць па краіне. «Вазьміце яго: вытворчасць, перапрацоўка, фірменны гандаль. Калі няма праблем, скапіруйце гэта ўсё і на краіну ўсё перакладзіце па прадукцыі, якую ён хаця б вырабляе. І народ перастане крыўдзіцца. Вось ён — ланцужок».
Яшчэ адзін важны напрамак, які маюць намер развіваць у «Дзяржынскім», — адкорм бычкоў на мяса. Размова ідзе пра вытворчасць высакаякаснай ялавічыны з добрым экспартным патэнцыялам. Пакуль такую вытворчасць плануецца стварыць у адным месцы — у Слуцкім раёне. Гэта дасць магчымасць у тым ліку загрузіць магутнасці Слуцкага мясакамбіната, які далучаецца да агракамбіната «Дзяржынскі».
«Мы думаем не малочны напрамак там развіваць, а адкорм. Таму што там побач Слуцкі мясакамбінат. Ён залежыць ад сыравінных зон. Мы хочам правесці такі эксперымент па адкорме на 8-9 тыс. галоў у год. Адпрацаваць там механізмы, падыходы, сумесна з навукай прапрацаваць рацыёны. Распрацаваць тэхналогію, рэгламент вырошчвання, утрымання, кармлення і будаўніцтва гэтага комплексу і падаць гэта як гатовы прадукт для ўсіх. Мы ўжо выбралі ўчастак, тэхналогію мы напісалі. Думаю, да новага года ў нас ужо будзе праектнае рашэнне і мы пачынаем гэты працэс, — расказаў гендырэктар. — Такім чынам, мы запоўнім наш мясакамбінат з забойнай пляцоўкай на 50-60 працэнтаў уласнай сыравінай. Гэта дасць нам магчымасць якасна, як асобная вытворчасць, палічыць затраты, рэтнабельнасць і атрымаць фінансавы вынік». Папярэдні кошт праекта ацэньваецца ў памеры Br40-45 млн. У далейшым гэты вопыт, калі ён будзе прызнаны паспяховым, будуць тыражаваць у іншых філіялах агракамбіната.
«Трэба імгненна гэта будаваць. Паралельна ўсё рабіць», — сказаў кіраўнік дзяржавы, арыентуючы на максімальна сціслыя тэрміны.
З далучэннем іншых прадпрыемстваў і гаспадарак агракамбінат за 5 гадоў падвоіў валавую вытворчасць. У рэалізацыі — 7 розных інвестпраектаў, якія фінансуюцца часткова за кошт уласных сродкаў і часткова — крэдытаў Банка развіцця. У тым ліку прадпрыемства задзейнічана ў рэалізацыі праграмы «Адзін раён — адзін праект». «Гэта добра, што ён (банк. — Заўвага ) дапамагае таму, хто заўтра дасць аддачу. Але гэта не значыць, што мы маліцца на яго павінны, таму што ёсць такое добрае прадпрыемства. Павінны развіваць і іншыя прадпрыемствы», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне падрыхтоўкі кіраўнікоў, якія маглі б у будучым узначаліць або той жа агракамбінат «Дзяржынскі», або стварыць іншыя такія прадпрыемствы ў рэгіёнах краіны. «Заўтра цябе няма. Хто замест цябе?» — паставіў прынцыповае пытанне кіраўнік дзяржавы перад Уладзімірам Лук’янавым.
«Пару чалавек ёсць», — адказаў ён.
«Ну хоць пару. Гэта важнае пытанне. Добрае прадпрыемства. Таму нам трэба бачыць тут людзей, якія заўтра створаць такую гаспадарку. Калі мы будзем падобнае ствараць, у нас праблем не будзе з прадуктамі харчавання і іншымі пытаннямі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.