Дзевяць дамашніх матчаў у снежні: вядомы каляндар «Дынама» ў новым сезоне КХЛ
Фота з архіва 16 чэрвеня, Мінск . Кантынентальная хакейная ліга апублікавала поўныя календары матчаў мінскага «Дынама» і іншых каманд на сезон-2026/27. Аб гэтым са спасылкай на прэс-службу КХЛ.
Як і ў мінулым сезоне, кожны з 22 клубаў чакаюць па 68 матчаў у рэгулярным чэмпіянаце. Мінскае «Дынама» згуляе 42 паядынкі з усімі камандамі лігі (па 21 на сваім лёдзе і ў гасцях) і правядзе 20 гульняў з сапернікамі па Заходняй канферэнцыі (па 10 дома і на выездзе). Таксама «зубры» дадаткова згуляюць па два матчы з маскоўскім «Дынама», «Поўначсталлю» і «Лакаматывам».
Сезон сталічнага клуба адкрыюць гульні на «Мінск-Арэне» 7 і 10 верасня супраць «Тарпеда» і «Шанхайскіх драконаў» адпаведна. У канцы лістапада «зубры» адправяцца на шасціматчавы выезд, але пры гэтым у снежні не правядуць ніводнай гасцявой сустрэчы — дамашняя серыя будзе складацца адразу з дзевяці паядынкаў. Першыя матчы рэгуляркі КХЛ адбудуцца 5 верасня.
«Гладкі» чэмпіянат прадоўжыцца да 20 сакавіка 2027 года і ўключыць у сябе 182 гульнявыя дні і 748 матчаў. Першая паўза ў сезоне на міжнародны Кубак Першага канала расцягнецца з 7 па 14 снежня, навагодні перапынак складзе тры дні — з 31 снежня па 2 студзеня. Апошняя паўза з 5 па 8 лютага 2027 года звязана з правядзеннем Тыдня зорак хакея ў Мінску.
Плэй-оф Кубка Гагарына пройдзе з 23 сакавіка па 23 мая. У першым раўндзе каманды будуць змагацца па стандартнай схеме ў рамках канферэнцый, а пачынаючы з чвэрцьфіналаў пары будуць фарміравацца па зводнай табліцы астатніх удзельнікаў розыгрышу.
У мінулым сезоне мінскае «Дынама» дасягнула самага лепшага рэзультату за ўвесь час выступленняў у лізе. Сталічны клуб стаў другім у Заходняй канферэнцыі і дайшоў да чвэрцьфіналу Кубка Гагарына. У агульнай табліцы «зубры» занялі пятае месца сярод 22 каманд.






