Беларусы гатовы да стартаў на інклюзіўных Гульнях у Абу-Дабі
Фота арганізатара 6 лютага, Мінск . У Абу-Дабі праходзіць урачыстая цырымонія адкрыцця Open Masters Games 2026. У парадзе адкрыцця на стадыёне Zayed Sports City Беларусь прадстаўляюць Аляксандр Мядоўскі і кіраўнік дэлегацыі Ларыса Таболіна,
Беларускія атлеты выступяць на гэтых спаборніцтвах дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і беларускага камітэта «Спешыял Алімпікс».
У цэнтры ўвагі Гульняў — натхняючыя чалавечыя гісторыі, у спаборніцтвах у сталіцы ААЭ выступяць атлеты ва ўзросце ад 30 да 90 гадоў. Беларусь прадставяць атлеты «Спешыял Алімпікс», якія маюць багаты вопыт выступленняў на буйнейшых міжнародных турнірах — Сусветных і Еўрапейскіх спецыяльных Алімпійскіх гульнях. На Open Masters Games у Абу-Дабі беларусы пазмагаюцца за ўзнагароды ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы — у бегу на розныя дыстанцыі, скачках у вышыню і даўжыню, кіданні молата і штурханні ядра. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі выхаванцы Глускага дзіцячага сацыяльнага пансіяната «Вяснова». Гэта ўстанова сацыяльнага абслугоўвання для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, расказала выканаўчы дырэктар ГА «Беларускі камітэт «Спешыял Алімпікс» Ларыса Таболіна. На спартыўныя арэны выйдуць браты Алег і Аляксандр Мядоўскія, Ганна Пестава, Алеся Пазняк і Рыгор Дзюўбакоў. Іх трэнер Аляксандр Пятроў больш за 30 гадоў пашырае ідэі «Спешыял Алімпікс». Нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, хлопцы і дзяўчаты застаюцца адкрытымі, дысцыплінаванымі і надзвычай пазітыўнымі людзьмі, гэта яскравы прыклад таго, як старанная праца і падтрымка трэнера ператвараюць мары ў медалі сусветнага ўзроўню.
Open Masters Games Abu Dhabi 2026 стане буйнейшай мультыспартыўнай падзеяй. У ёй прымуць удзел больш за 25 тыс. спартсменаў з больш як 120 краін свету. З 6 па 15 лютага яны разыграюць медалі ў 33 відах спорту. Сярод іх — футбол, баскетбол, валейбол, рэгбі, лёгкая атлетыка, плаванне, веласпорт, тэніс, бадмінтон, дзюдо, каратэ, муай-тай, парусныя рэгаты, гонкі на каноэ.






