Беларускія лёгкаатлеты заваявалі восем узнагарод турніру па кіданнях у Сочы
Фота з архіва 25 красавіка, Мінск . Восем беларусаў сталі прызёрамі Усерасійскіх спаборніцтваў па кіданнях «На прызы А.А. Нізамутдзінава», якія прайшлі ў Сочы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БФЛА.
У актыве нашай каманды чатыры залатыя, тры сярэбраныя і адзін бронзавы медалі. Перамогі на турніры атрымалі штурхальнікі ядра Алег Тамашэвіч і Алёна Дубіцкая, а таксама кідальнікі кап’я Аляксей Каткавец і Таццяна Халадовіч. Другія месцы занялі Яўген Багуцкі (кіданне дыска), Ганна Каліноўская (кап’ё) і Алена Трус (ядро). Трэці рэзультат у мужчынскім штурханні ядра паказаў Яўген Брыгі. За крок ад п’едэстала спыніліся кап’якідальнік Аляксандр Казлоўскі і кідальніца молата Настасся Маслава. Усяго нашу каманду на спаборніцтвах у Сочы прадставілі 14 атлетаў.