Беларускія футбалісткі пачалі падрыхтоўку да турніру развіцця УЕФА
Фота з архіва 24 красавіка, Мінск . Футбалісткі дзявочай зборнай Беларусі (U-16) пачалі падрыхтоўку да турніру развіцця УЕФА, які пройдзе з 28 красавіка па 3 мая ў Мінску,
Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Яўгена Пракопчыка да паядынкаў рыхтуюцца 24 футбалісткі, а ў канчатковую заяўку на турнір увойдуць 20 ігракоў. У сваім стартавым паядынку 28 красавіка беларускі сустрэнуцца з равесніцамі з Узбекістана, 30 красавіка згуляюць з расіянкамі, а 3 мая завершаць турнір матчам з кітайскай камандай. Усе матчы пройдуць на палях асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» ў Вяснянцы, уваход свабодны.
На мінулым тыдні там жа завяршыўся турнір развіцця сярод юнацкіх зборных, пераможцамі якіх сталі беларускія футбалісты, яны апярэдзілі каманды Расіі, Казахстана і Кітая.
Такія міжнародныя юнацкія турніры пад эгідай УЕФА праводзяцца з 2012 года ў рамках праграмы HatTrick. Беларусь упершыню прыняла такія спаборніцтвы ў 2013 годзе. Цяпер у турнірах прымаюць удзел юнакі і дзяўчаты з усіх 55 нацыянальных футбольных асацыяцый, што ўваходзяць у Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый.