Беларускі дыпламат: мы выступаем супраць палітыкі сілы і дамінавання на сусветнай арэне
Павел Яўсеенка. Фота mfa.gov.by 24 красавіка, Мінск . Беларусь выступае супраць палітыкі сілы і дамінавання і спроб перапісаць міжнародныя правілы ў аднабаковым парадку. Аб гэтым заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Павел Яўсеенка на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН па формуле Арыі ў Нью-Ёрку, .
Беларускі дыпламат адзначыў, што разбуральнае ўздзеянне аднабаковых эгацэнтрычных дзеянняў дзяржаў і практыкі націску аказвае бясспрэчны адмоўны ўплыў на ўсю сістэму міжнародных адносін, падрывае стабільнасць і ўстойлівае развіццё.
«Мы ўсё часцей назіраем, як асобныя дзяржавы, маючы на мэце выключна ўласныя інтарэсы, звяртаюцца да палітыкі аднабаковага прымушэння — у форме эканамічных санкцый, гандлёвых бар’ераў і націску, які пазбаўлены ўсякай легітымнасці і парушае базавыя прынцыпы Статута ААН. Пад прыкрыццём інтарэсаў так званай «нацыянальнай бяспекі» і выдуманага «справядлівага» падыходу ўводзяцца незаконныя гандлёвыя абмежаванні, разрываюцца міжнародныя дамоўленасці, падрываюцца глабальныя ланцужкі паставак, парушаецца суверэнітэт дзяржаў», — сказаў Павел Яўсеенка.
Паводле яго слоў, адным з відавочных прыкладаў выніку такой палітыкі стала вайна гандлёвых пошлін і тарыфаў, якая ўжо скалыхнула шматбаковую гандлёвую сістэму і пагражае з’яўленнем куды большых рызык для ўстойлівасці сусветных рынкаў.
«Такія паводзіны — гэта не абарона інтарэсаў! Гэта шантаж! І ён павінен быць названы сваім імем!» — заявіў прадстаўнік Беларусі.
Ён нагадаў, што Генеральная Асамблея ААН у сваёй рэзалюцыі 78/135 ад 19 снежня 2023 года выразна і недвухсэнсоўна выказала сур’ёзную занепакоенасць тым, што прымяненне аднабаковых эканамічных мер прымушэння, якія супярэчаць прынцыпам міжнароднага права і палажэнням Статута ААН, адмоўна ўплывае на эканоміку і намаганні ў галіне развіцця, а таксама аказвае агульнае негатыўнае ўздзеянне на міжнароднае эканамічнае супрацоўніцтва.
«Відавочна, што ў зоне асаблівай рызыкі знаходзяцца краіны і рэгіёны, якія сталі на шлях развіцця. Аднак развіццё падзей у свеце дэманструе, што ад пагроз эгаістычнага пратэкцыянізму не застрахаваны ніхто — ні буйныя высокаразвітыя дзяржавы, ні менш развітыя і малыя краіны. Беларусь падтрымлівае міжнародныя намаганні, накіраваныя на выкараненне аднабаковасці і мер прымушэння як інструментаў міжнародных адносін. Цвёрда прытрымліваемся прынцыпаў Статута ААН — роўнасці дзяржаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы і вырашэння спрэчак мірнымі сродкамі», — падкрэсліў Павел Яўсеенка.
Дыпламат звярнуў увагу, што Беларусь выступае супраць палітыкі сілы і дамінавання, супраць спроб перапісаць міжнародныя правілы ў аднабаковым парадку — у інтарэсах толькі выбраных дзяржаў. «Гэта прамая пагроза шматбаковай сістэме, якую ААН абавязана абараняць. Беларусь застаецца адкрытай для ўзаемавыгаднага і паважлівага супрацоўніцтва з усімі без выключэння дзяржавамі», — адзначыў Павел Яўсеенка.