Беларусь і Лівія падпішуць мемарандум аб супрацоўніцтве ў адукацыі і шэраг міжвузаўскіх пагадненняў
2 ліпеня, Мінск . Беларусь і Лівія падпішуць мемарандум аб супрацоўніцтве ў адукацыі і шэраг міжвузаўскіх пагадненняў. Аб гэтым журналістам паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч у час візіту лівійскай дэлегацыі ў навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік»,
«У нас з Лівіяй даўняе супрацоўніцтва ў сферы адукацыі — з 1983 года мы рыхтуем спецыялістаў для эканомікі гэтай краіны па самых розных напрамках, — адзначыў Аляксандр Бахановіч. — Перш за ўсё гэта інжынерна-тэхнічныя і медыцынскія спецыяльнасці. Сёння кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача вывесці нашы адносіны ва ўсіх напрамках на якасна новы ўзровень. Безумоўна, адукацыя — гэта дзяржаваўтваральная галіна для любой краіны. Вялікую зацікаўленасць праяўляе Міністэрства вышэйшай адукацыі і навуковага развіцця Лівіі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для эканомікі краіны. Сёння па выніках візіту мы падпішам мемарандум аб супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі. Дакумент стане фундаментам нарматыўна-прававога забеспячэння, прававой базы, а далей мы плануем заключэнне шэрага міжуніверсітэцкіх пагадненняў і адпаведных дарожных карт, дзе мы прапішам сумесную падрыхтоўку спецыялістаў».
Першы намеснік міністра падкрэсліў, што перш за ўсё Лівію цікавіць блок інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей. «Яны нядаўна прынялі праграму развіцця інжынерна-тэхнічнай адукацыі, падобную да прынятай у нас у краіне літаральна некалькі месяцаў таму. Іх вельмі цікавіць падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай навуковай кваліфікацыі — кандыдатаў і дактароў навук. Прадстаўнікі сферы адукацыі Лівіі абяцаюць у самы бліжэйшы час прыслаць свае канкрэтныя прапановы: колькі трэба ім спецыялістаў, па якіх спецыяльнасцях. Я думаю, што мы гэта вельмі хутка аформім і пачнём падрыхтоўку спецыялістаў для эканомікі Лівіі», — праінфармаваў ён.
Міністр тэхналагічнай адукацыі ўрада нацыянальнай стабільнасці Лівіі Фарт Халіл упэўнены, што супрацоўніцтва паміж Лівіяй і Беларуссю будзе развівацца. «Мы будзем развіваць наша супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Учора мы наведалі БДМУ, сёння былі ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце, цяпер знаходзімся ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Я ўяўляў, што Беларусь развіта і ў сферы адукацыі, і ў іншых галінах, але не думаў, што настолькі сур’ёзна. Я вельмі рады, што мне давялося наведаць Рэспубліку Беларусь, магу сказаць, што чакаю толькі плённага супрацоўніцтва з вашай краінай», — падкрэсліў міністр.
Ён адзначыў, што ў Лівіі беларускія ВНУ добра вядомы, а іх дыпломы высока цэняцца. Міністра Лівіі азнаёмілі з дзейнасцю БНТУ, пасля адбылося абмеркаванне пытанняў аб узаемавыгадным супрацоўніцтве.
«Зыходзячы з невялікай нашай размовы, міністр Лівіі такія тонкія і далікатныя ў навуковай сферы распрацоўкі бачыў упершыню, а шэраг прыбораў проста выклікаў здзіўленне, — расказаў генеральны дырэктар навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Георгій Вяршына. — Ён выказаў жаданне прывезці вялікую дэлегацыю Лівіі сюды праз год паглядзець нашу вытворчасць, наведаць рэканструюемы завод, будуемы цэнтр медыцынскіх вырабаў, каб ужо заключыць адпаведныя дагаворы як на стажыроўку, навуковыя даследаванні, так і па камерцыйным інтарэсе да той прадукцыі, якую выпускае тэхнапарк на аснове распрацовак вучоных БНТУ».
Фота Віталя Піваварчыка