Беларусь і ААН падпісалі рамачную праграму супрацоўніцтва ў галіне ўстойлівага развіцця на 2026-2030 гады
Фота з архіва 29 снежня, Мінск . Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў і пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў 29 снежня падпісалі рамачную праграму супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне ўстойлівага развіцця на 2026-2030 гады. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел кіраўнікі прадстаўніцтваў агенцтваў сістэмы ААН у Беларусі.
Удзельнікі адзначылі важнасць сумеснай работы ў 2025 годзе па рэалізацыі шэрага мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а таксама супрацоўніцтве Беларусі і агенцтваў сістэмы ААН у кантэксце дасягнення Мэт устойлівага развіцця ў цэлым.
Міністр замежных спраў выказаў пазітыўную ацэнку шматгадоваму супрацоўніцтву Беларусі і ААН, акцэнтаваўшы ўвагу на ўкладзе Беларусі як краіны — заснавальніцы Арганізацыі ў пашырэнне пазітыўнага парадку дня ў ААН, накіраванага на пабудову справядлівага і шматпалярнага свету.
Падпісаная рамачная праграма з’яўляецца стратэгічна выверанай дарожнай картай, якая поўнасцю сінхранізавана з нацыянальнымі прыярытэтамі Беларусі — Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2040 года і Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2026-2030 гады, якая была прынята 19 снежня на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу.
У рамачнай праграме вызначаны чатыры стратэгічныя прыярытэты і адпаведныя доўгатэрміновыя вынікі па рэалізацыі кожнага з прыярытэтаў — чалавечае развіццё і дабрабыт для ўсіх, інклюзіўная і ўстойлівая эканамічная трансфармацыя, чыстае навакольнае асяроддзе для забеспячэння жыццядзейнасці людзей, інстытуцыянальныя асновы для міру і развіцця.






