Ад Каспія да Урала. Пытанні воднай бяспекі абмяркоўваюць эксперты на экалагічным саміце ў Астане
Фота з сацсетак 23 красавіка, Астана /Кар. БЕЛТА/. Тэма забеспячэння воднай бяспекі стала адной з ключавых на Рэгіянальным экалагічным саміце-2026 (РЭС-2026) у Астане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў зрабіў акцэнт на воднай бяспецы, назваўшы гэту тэму пытаннем выключнай важнасці не толькі для Казахстана, але і для ўсёй Цэнтральнай Азіі. Ён падкрэсліў, што ад рацыянальнага і справядлівага кіравання гэтым жыццёва важным рэсурсам залежыць будучыня рэгіёнаў, людзей.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб наступствах нерацыянальнай палітыкі Аральскага мора і значэнні стратэгічна вывераных навукова абгрунтаваных дзеянняў. «Нам удалося аднавіць каля 36 працэнтаў Паўночнага Арала, палепшыўшы якасць вады, павялічыўшы рыбныя запасы і павысіўшы ўзровень жыцця насельніцтва», — указаў ён. Як станоўчыя тэндэнцыі па аднаўленні экасістэмы Паўночнага Арала названы павелічэнне аб’ёму вады ў моры з 18,9 да 23,5 куб. км, што паўплывала і на развіццё рыбнай гаспадаркі, і ў цэлым на сацыяльна-эканамічную сітуацыю. А мадэллю ўстойлівага развіцця гэтай тэрыторыі можа стаць прыродны і навуковы аб’ект — геапарк «Арал».
Яшчэ адзін водны аб’ект, які патрабуе асаблівай увагі, — Каспійскае мора. Паводле слоў Касым-Жамарта Такаева, ахова гэтага вадаёма мае вялікае значэнне для падтрымання экалагічнага балансу, біяразнастайнасці і ўстойлівага развіцця рэгіёна. Як вынік Казахстан ініцыяваў міждзяржаўную праграму па прадухіленні далейшай дэградацыі Каспійскага мора і стварыў Навукова-даследчы інстытут Каспійскага мора для развіцця рэгіянальнага навуковага супрацоўніцтва. «Мы заклікаем усе міжнародныя зацікаўленыя бакі падтрымаць намаганні па захаванні гэтага ўнікальнага прыроднага здабытку. Таму любое прымяненне ўзброеных сіл у прыкаспійскім рэгіёне павінна быць выключана і забаронена», — зрабіў акцэнт ён.
Акрамя рэгіянальных праектаў і мер, Казахстан лічыць адным з ключавых прыярытэтаў глабальнае супрацоўніцтва ў сферы водных рэсурсаў. Так, у канцы мінулага года ў Ашхабадзе Касым-Жамарт Такаеў прапанаваў стварыць Міжнародную водную арганізацыю ў якасці агенцтва ААН. Ініцыятыва казахстанскага лідара мае своечасовы пасыл, паколькі ААН пераглядае тысячы мандатаў, даючы магчымасць умацаваць узгодненасць і эфектыўнасць глабальнага кіравання.
Другі дзень саміту РЭС-2026 прадаўжае работа пленарных пляцовак і сесій. Адна з ключавых — кансультацыі па стварэнні міжнароднай арганізацыі па вадзе. Сустрэча на гэтай пляцоўцы стане першым раўндам міжнародных кансультацый па гэтай ініцыятыве.
Удзельнікі падзяліліся ідэямі і бачаннем будучага глабальнага кіравання воднымі рэсурсамі, новай шматбаковай воднай архітэктуры з узмоцненым мандатам ААН для падтрымкі краін, якія сутыкаюцца з усё большымі воднымі праблемамі. Вынікі кансультацый аб’яднае зводная справаздача, якая стане своеасаблівай дарожнай картай для наступных раўндаў перагавораў. Арыенцір — на фарміраванне шляху да дасягнення канкрэтных і адчувальных вынікаў па гэтым пытанні на Канферэнцыі ААН па водных рэсурсах, якая адбудзецца ў снежні 2026 года ў Абу-Дабі.
У якасці спікераў — міністр замежных спраў Казахстана Ермек Кашэрбаеў, намеснік Генеральнага сакратара ААН па сацыяльных і эканамічных пытаннях Лі Цзюньхуа, спецыяльны прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН па водных рэсурсах Рэтна Марсудзі, выканаўчы дырэктар Глабальнай камісіі па эканоміцы вады Хенк Овінк і інш.
На парадку дня — і дыялог высокага ўзроўню па Тэгеранскай канвенцыі: умацаванне супрацоўніцтва ў інтарэсах Каспійскага мора. Яго галоўны пасыл — умацаванне супрацоўніцтва прыкаспійскіх краін у вырашэнні праблем зніжэння ўзроўню мора, забруджвання і страты біяразнастайнасці. З улікам 20-гадовага вопыту Тэгеранскай канвенцыі эксперты абазначаць ключавыя аспекты рэалізацыі Плана дзеянняў па ваганнях узроўню Каспійскага мора на 2026-2036 гады. Важны як механізмы выканання плана, так і магчымасць яго трансфармацыі ў комплексную міждзяржаўную праграму для забеспячэння экалагічнай устойлівасці рэгіёна, інвестыцыйная платформа.
Таксама кіраўнік дзяржавы абазначыў яшчэ адну з важнейшых задач — лічбавізацыю воднай сферы. Размова аб укараненні адзінай аўтаматызаванай сістэмы маніторынгу ў басейнах Сырдар’і і Амудар’і. Гэта мера забяспечыць празрыстасць і дакладнасць звестак.
На гэты момант падпісаны ўжо шэраг дакументаў, у тым ліку рашэнні кіраўнікоў дзяржаў — заснавальнікаў Міжнароднага фонду выратавання Арала «Аб ходзе старшынства Рэспублікі Казахстан у Міжнародным фондзе выратавання Арала», «Аб аб’яўленні 26 сакавіка міжнародным днём Аральскага мора, рэк Амудар’я і Сырдар’я» і інш.
Праграма саміту шырокая і ўключае каля 60 высокаўзроўневых і тэматычных сесій, у тым ліку па пытаннях стварэння Міжнароднай арганізацыі па вадзе.
У цэлым кааперацыю сіл і рэсурсаў для вырашэння праблем з воднымі аб’ектамі прадстаўнікі дзяржаў назвалі публічным тэстам, які павінен прадэманстраваць высокія вынікі ў адказ на прыняты сур’ёзны экалагічны выклік.
Рэгіянальны экалагічны саміт-2026 у Астане 22-24 красавіка чарговы раз аб’яднаў кіраўнікоў дзяржаў, палітыкаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, фінансавых інстытутаў і экспертаў. Асноўная мэта — пашырэнне скаардынаваных мер рэагавання на экалагічныя і кліматычныя выклікі ў Цэнтральнай Азіі. Маштабны форум арганізаваны ўрадам Казахстана ў партнёрстве з ААН і міжнароднымі зацікаўленымі бакамі. Ён служыць платформай высокага ўзроўню для ўзгаднення рэгіянальных прыярытэтаў, умацавання супрацоўніцтва і пашырэння практычных рашэнняў у рамках узаемазвязаных сістэм водазабеспячэння, энергетыкі, землекарыстання і харчавання.-0-



