Ад асноў да сучаснага прачытання. Прысвечаную творчасці магілёўскіх мастакоў экспазіцыю створаць у музеі Масленікава
Фота з архіва 3 красавіка, Магілёў . У Магілёве плануюць стварыць пастаянную экспазіцыю, прысвечаную выяўленчаму мастацтву рэгіёна і магілёўскім мастакам. Аб гэтым расказаў намеснік дырэктара па мастацка-творчай дзейнасці Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава Яўген Белавусаў на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы па тэме «Духоўнасць нацыі ў мастацтве. Спадчына і новыя праекты мастакоў Магілёўскага рэгіёна»,
«2025 год юбілейны для Мастацкага музея імя П.В. Масленікава, якому ў лістападзе спаўняецца 35 гадоў, — адзначыў Яўген Белавусаў. — У перспектыве ў нас ёсць планы па стварэнні ва ўстанове пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай выяўленчаму мастацтву Магілёўшчыны, нашым магілёўскім мастакам. Яна дазволіць прасачыць рэтраспектыву ад моманту развіцця асноў выяўленчай творчасці да пераходу да сучаснага прачытання нашых мастакоў — як яны сёння бачаць Беларусь, навакольны свет і тэмы, якія іх хвалююць. Мы глядзім перспектыўна, з вялікімі надзеямі на будучыню і разлічваем, што музейная сфера будзе і далей супрацоўнічаць і ўзаемадзейнічаць».
Яўген Белавусаў падкрэсліў, што сёння музей — гэта не проста сховішча музейных экспанатаў і мастацкіх твораў, хоць, безумоўна, гэтай важнай функцыі гэтыя ўстановы культуры будуць прытрымлівацца заўсёды, бо ад гэтага залежыць захаванне культурнай спадчыны для будучых пакаленняў. «Але сёння музей — тая сацыяльна-культурная інстытуцыя, якая садзейнічае дыялогу паміж мастаком і грамадствам, паміж карцінай і чалавекам. І ў гэтым бачыцца двухбаковая зацікаўленасць паміж музеем і мастаком, і такая ніць не павінна перарвацца», — падкрэсліў ён.
Яўген Белавусаў дадаў, што сёння мастакі прытрымліваюцца адных ідэалаў і імкнуцца да адной мэты — высокадухоўнай асветы беларускага грамадства. У гэта паняцце ў тым ліку ўваходзіць развіццё і захаванне нацыянальных мастацкіх традыцый, папулярызацыя выяўленчага мастацтва ва ўсіх яго праяўленнях. «Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны прадстаўлена як старэйшым пакаленнем, якое захоўвае традыцыі, так і маладымі мастакамі, якія ўносяць свой павеў, новае прачытанне», — сказаў ён.
Намеснік дырэктара таксама дадаў, што Мастацкі музей імя П.В. Масленікава ў мінулым годзе падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Магілёўскім аддзяленнем Беларускага саюза мастакоў, дзякуючы чаму была выбудавана перспектыва ўзаемадзеяння на гады наперад. «Вядома ж, гэта праяўляецца ў выставачных праектах, — падкрэсліў ён. — Так, у 2024 годзе мы правялі цудоўную выставу, прысвечаную 50-годдзю аддзялення, прайшла выстава памяці Барыса Первунінскіх. 2025 год таксама поўны надзей, і мы гатовы супрацоўнічаць і ўвасабляць гэтыя праекты. Так, ужо з пачатку года мы рэалізавалі маштабны праект, прадстаўлены магілёўскімі мастакамі ў скульптуры. Таксама на гэты год запланавана правядзенне выстаў мастачак Аксаны Еўдакіменка і Веры Юрковай, спадзяёмся арганізаваць выставу з Антонам Вырвам».
У прэс-канферэнцыі ў тым ліку прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Магілёўскага аблвыканкама, Беларускага саюза мастакоў. Яны абмеркавалі ўзаемасувязь духоўнасці і культуры, а таксама іх уплыву на грамадства, захаванне нацыянальных традыцый і процістаянне выклікам сучаснасці. Удзельнікі гаварылі аб ролі культуры ў фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці, уплыве духоўнасці на захаванне і перадачу культурнай спадчыны будучым пакаленням, расказалі аб новых выставах і праектах у Магілёўскай вобласці.