Аўтэнтычныя песні, кіно і народны ўбор. Дні культуры Беларусі праходзяць у Самарскай вобласці
7 красавіка, Мінск . Дні культуры Беларусі праходзяць у Самарскай вобласці з 7 па 9 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.
Маштабная праграма прадстаўляе расійскаму гледачу лепшыя ўзоры беларускага музычнага, кінематаграфічнага і прыкладнога мастацтва. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач.
У святочным гала-канцэрце ў Самарскай дзяржаўнай філармоніі выступяць вядучыя творчыя калектывы і выканаўцы Беларусі: Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.І.Цітовіча, дуэт цымбалістак Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча, а таксама беларускія салісты. Паводле слоў прадстаўнікоў народнага хору, самарскія гледачы ўбачаць шырокі спектр творчых нумароў: ад беларускіх аўтэнтычных народных песень да сучасных вакальных і харэаграфічных кампазіцый.
У рамках Дзён культуры таксама праходзяць Дні беларускага кіно. Праграму адкрывае кінакарціна «Класная» рэжысёра Кірыла Халецкага. Таксама гледачы змогуць убачыць сучасныя работы беларускіх кінематаграфістаў: «Час вярнуцца», «На другім беразе» і «Ліст чакання».
Асаблівае месца ў праграме займае выстава «Беларускі народны касцюм». Экспазіцыя прадстаўляе ўнікальныя аўтэнтычныя ўборы другой паловы XIX — пачатку XX стст. Наведвальнікі могуць прасачыць рэгіянальныя асаблівасці дэкору і ўплыў на беларускі строй гарадскога асяроддзя і суседніх культур.
Візіт дэлегацыі прадугледжвае ўмацаванне міжрэгіянальных сувязей. Запланаваны афіцыйныя перагаворы аб супрацоўніцтве ў сферы культуры паміж кіраўніцтвам профільных міністэрстваў Беларусі і Самарскай вобласці.
Фота Міністэрства культуры






