Суверэнітэт дае магчымасць беларусам з упэўненасцю глядзець у будучыню і будаваць квітнеючую дзяржаву — прэм’ер-міністр
Аляксандр Турчын 2 ліпеня, Мінск . Суверэнітэт дае магчымасць беларусам з упэўненасцю глядзець у будучыню і будаваць квітнеючую дзяржаву. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын у час урачыстага сходу, прысвечанага Дню Незалежнасці,
«35 гадоў таму, з прыняццем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, пачаўся самастойны шлях нашай маладой незалежнай дзяржавы. Гэты час быў напоўнены пераадоленнем сур’ёзных выклікаў, пошукам свайго ўнікальнага шляху, захаваннем духоўных і маральных арыенціраў», — сказаў Аляксандр Турчын.
Для беларусаў, як і для любой нацыі, суверэнітэт з’яўляецца вызначальным фактарам, які дае магчымасць з упэўненасцю глядзець у будучыню, будаваць моцную і квітнеючую дзяржаву. «Прэзідэнт нашай краіны пастаянна падкрэслівае, што мір, свабода і незалежнасць — гэта наша спадчына і найвялікшыя каштоўнасці, якія трэба берагчы і абараняць, умацоўваючы народнае адзінства, эканоміку і абараняючы Айчыну», — адзначыў кіраўнік урада.
«Мы адстаялі права на свой суверэнны і свабодны шлях развіцця ваеннымі і працоўнымі подзвігамі, цаной неймаверных намаганняў і мільёнаў чалавечых жыццяў. Таму заканамерна волевыяўленне беларускага народа аб тым, каб Дзень Незалежнасці святкаваўся ў дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сталіцы нашай Радзімы, горада-героя Мінска. Тры с паловай дзесяцігоддзі ў летапісе дзяржавы — гэта менш, чым міг. Але калі ўдумацца, за такое гістарычнае імгненне мы здзейснілі эпахальны рывок наперад», — дапоўніў Аляксандр Турчын.

Беларусь сёння — гэта краіна з высокаразвітай індустрыяй, буйнейшы сусветны экспарцёр сельскагаспадарчай і машынабудаўнічай прадукцыі. Экспарт тавараў у доларавым выражэнні за 30 гадоў павялічыўся больш як у сем разоў. Беларусь займае 46-е месца сярод 192 краін у Глабальным індэксе ўстойлівай канкурэнтаздольнасці.
«Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН афіцыйна заяўляе: узровень харчовай бяспекі ў нашай краіне настолькі высокі, што можа служыць эталонам для іншых дзяржаў. Валодаючы высокаразвітай сельскай гаспадаркай, мы не проста цалкам закрываем уласныя патрэбнасці ў харчаванні, але і гарантуем падтрымку там, дзе ад нашай дапамогі залежаць сотні тысяч чалавечых жыццяў. Мы сталі касмічнай дзяржавай і ўвайшлі ў элітны пул дзяржаў, якія займаюцца даследаваннямі Антарктыкі. У нас ёсць свая атамная энергетыка. Нам удалося запусціць значную колькасць высокатэхналагічных вытворчасцей, асвоіць выпуск легкавых аўтамабіляў, беспілотнікаў і біяфармацэўтыкі. Парк высокіх тэхналогій, створаны Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам больш як 20 гадоў таму, прадаўжае заставацца вядучым IT-кластарам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, крэмніевай далінай рэгіёна», — падкрэсліў пэм’ер-міністр.
Беларусь упэўнена ўтрымлівае 1-е месца сярод краін СНД у Індэксе дасягнення глабальных Мэт устойлівага развіцця і з’яўляецца 32-й сярод 167 краін. Наша краіна — шматразовы лідар у медыцынскіх рэйтынгах: як адна з лепшых краін свету для нараджэння дзіцяці і мацярынства, па нізкім узроўні дзіцячай смяротнасці, як наватар у правядзенні ўнікальных медыцынскіх аперацый. Па паказчыках у сферы адукацыі Беларусь уваходзіць у групу найбольш развітых дзяржаў. Наша краіна — радзіма вядомых аб’ектаў ЮНЕСКА і культурны цэнтр шэрага мерапрыемстваў, якія атрымалі міжнароднае прызнанне.
«Але галоўнае, што Беларусь — гэта працавітыя і мірныя людзі, якія заўсёды спакойна, без шуму і мітусні, талакой, не раздзяляючы адзін аднаго па нацыянальнасці і веравызнанні, стваралі дабрабыт на роднай зямлі. Нам ёсць чым ганарыцца. Маладая, суверэнная краіна, не маючы вопыту дзяржаўнага будаўніцтва, стала моцнай дзяржавай, упэўнена заявіла пра сябе ў сусветнай супольнасці. За гады незалежнасці мы замацавалі свае пазіцыі на сусветнай арэне як дзяржава — сузаснавальнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, занялі свае нішы ў сістэме сусветнага гандлю», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.
«На жаль, міжнародная абстаноўка не дазваляе нам проста вырошчваць хлеб і гадаваць дзяцей. Пакуль па перыметры нашых граніц прадаўжаецца беспрэцэдэнтная мілітарызацыя, пакуль дзейнічаюць незаконныя санкцыі і робяцца спробы зацягнуць інфармацыйную пятлю, мы вымушаны ўдзяляць асаблівую ўвагу забеспячэнню надзейнай сістэмы нацыянальнай бяспекі. У праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, зацверджаную рашэннем Усебеларускага народнага сходу, уключаны новы напрамак — умацаванне абараназдольнасці Беларусі і развіцця айчыннага ваенна-прамысловага комплексу. Мы абсалютна мірная краіна, ніколі не былі крыніцай агрэсіі і цвёрда выступаем за мірны дыялог. Ваенная дактрына мае выключна абарончы характар. Але порах трэба трымаць сухім, каб даць адпор любым замахам на незалежнасць Беларусі, спробам парушыць мірнае жыццё нашых грамадзян», — зрабіў акцэнт кіраўнік беларускага ўрада.
Фота Віталя Піваварчыка




