«Горка!» і салодка: як нашы продкі вяселлі гулялі і чаму традыцыя будзе жыць
Восень — залатая пара для вясельнага буму. Так лічылі нашы продкі. Усё проста: свінкі адкормлены, засекі поўныя, а значыць, можна гуляць так, каб чула наваколле. На стале — усё самае смачнае, у руках — чарка, у душы — песня. І вядома, бясконцае «Горка!». Але навошта так «здзекавацца» з маладых? А ўсё дзеля хітрага плана: трэба ж падмануць нячысціка, каб ён падумаў, што жыццё ў маладых горкае, і не зайздросціў іх салодкаму шчасцю.
Куды сэрца ляціць, туды і вока глядзіць
Шлюб у беларусаў — справа сур’ёзная. Этнолаг, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Таццяна Кухаронак тлумачыць: раней усё было строга. Існаваў вірылакальны шлюб (жонка ідзе ў хату мужа), прымацтва (муж ідзе да жонкі) і шлюб «на сумленне» — грамадзянскі саюз. Але па-сапраўднаму законным усё станавілася толькі пасля вянчання і выканання ўсіх абрадаў.
— Вяселле было галоўнай падзеяй у жыцці, — кажа Таццяна Іванаўна. — Гэта не толькі застолле, а цэлы комплекс магічных дзеянняў, песень і замоў, каб у маладых і здароўе было, і дзеці нараджаліся, і дабрабыт у хаце вёўся.
Але каб згуляць вяселле, трэба спачатку знайсці тую самую палавінку. Маладыя людзі раней не сядзелі ў смартфонах, а дзейнічалі рашуча: сябе паказаць і на людзей паглядзець хадзілі на кірмашы, у царкву ці на вясковыя святы. Старыя мудра казалі: каго прызначыла доля, таго знойдзеш і ў чыстым полі. Але моладзь была няўрымслівая і чакаць «вердыкту» лёсу не хацела.
— У XIX — пачатку XX стагоддзя моладзь не марнавала часу дарма і актыўна рэалізоўвала свой патэнцыял, — з усмешкай заўважае Таццяна Іванаўна. — Знаёміліся на «зборнях» — вечарынах, якія часцей за ўсё прымяркоўваліся да Калядаў ці Піліпаўскага посту. Нават на «папрадухах», нягледзячы на строгасць посту, заўсёды знаходзілася месца для заляцанняў, танцаў і спеваў. Асобная гісторыя — «ночкі»: калі хлопцы і дзяўчаты разам начавалі ў хатах ці на сенавале. А колькі адбывалася ігрышчаў! «Халімон», «Бахар», «Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар», «Падушачка» ці «Удавец» — гульні, дзе можна было і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Таццяна Кухаронак, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук
Каб прывабіць аб’ект уздыхання, у ход ішлі самыя хітрыя прыёмы. Куды сэрца ляціць, туды і вока глядзіць! Таццяна Кухаронак расказвае, што хлопцы часам вытваралі сапраўдныя цуды: пракладвалі адмысловыя дарожкі ад свайго дома да хаты каханай. Чым толькі не высцілалі: сенам, саломай, шчапой, а часам і чарнілам палівалі! Усё дзеля таго, каб паказаць сваю ўвішнасць і прымусіць дзяўчыну звярнуць увагу на такога «вынаходлівага» жаніха.
Калі ж справа даходзіла да сватоў, тут ужо ўключаўся каляндарны таймінг. Восень — час гарачы. Пасля дня Іаана Багаслова (26 верасня па старому стылю) пачынаўся сапраўдны «сезон палявання». «Святы Багуслаў дружкі разаслаў», — казалі ў народзе. А тым, хто не паспеў знайсці пару да Пакроваў, заставалася толькі ўздыхаць: «Прыйшлі Пакровы — зарыдалі дзеўкі новы». Бо пасля гэтага свята шанцаў на вяселле ў бягучым годзе ўжо не было.
— Сватанне ў беларусаў — цэлы рытуал са сваімі асаблівасцямі ў кожным рэгіёне, — расказвае этнолаг Таццяна Кухаронак. — Сваты маглі прыйсці як з жаніхом, так і без яго, з першага разу ці з трэцяга. Найлепшымі днямі лічыліся аўторак, чацвер або субота. Каманду «перагаворшчыкаў» звычайна складалі тры-пяць чалавек, сярод якіх абавязкова быў хросны бацька жаніха. А галоўным сватам выбіралі самага языкастага мужчыну, які ведаў усе мясцовыя абрады назубок. Сватанне ў беларусаў — справа тонкая і рызыкоўная. Лепель, 2019 год
Атрымаць «адварот» было крыўдна, таму да справы падыходзілі сур’ёзна. На Віцебшчыне, напрыклад, праводзілі тэст на мышах: пакідалі на ноч на двары кавалак хлеба. З’елі грызуны? Значыць, не лёс, лепш сядзець дома. На Палессі дзейнічалі больш дыпламатычна: пасылалі сваячку на разведку, каб даведацца, ці варта наогул рыпацца.
— Каб усё склалася гладка, гаспадыня дома, адкуль ішлі сваты, зачыняла заслонку печы і звязвала ў вузел вілкі, качаргу ды чапялу. І не развязвала, пакуль сваты не вернуцца, — дадае Таццяна Іванаўна.
Сватацца хадзілі вечарам. Але ў хату не ўрываліся: спачатку стукалі ў акно і прыкідваліся то купцамі, то паляўнічымі. Размова вялася загадкамі: «Мы купцы, ці няма ў вас добрага тавару?» ці «Бачылі, як у ваш двор куніца забегла, прыйшлі лавіць». З пустымі рукамі, вядома, не ішлі — неслі хлеб і гарэлку.
Дзяўчына пры выглядзе гасцей звычайна «растваралася» ў суседзяў, пакуль бацькі не дадуць дабро. Дарэчы, калі ў сям’і было некалькі дачок, па традыцыі спачатку прасілі рукі старэйшай.
— Увайшоўшы, сваты хрысціліся і кланяліся, але да стала не спяшаліся. Спачатку трэба было «загаварыць» хатнюю магію: падыходзілі да качарэжніка і наступалі нагою на вілкі ці венік. Ведаеце навошта? Каб іх у хаце не пусцілі ў ход супраць жаніха, — смяецца Таццяна Іванаўна. — А калі дзяўчына была супраць, яна магла паказаць гэта вельмі празрыста: пачынала месці венікам ад стала да дзвярэй або проста выкочвала гарбуз.
Калі ж справа ішла да згоды, дзяўчыну клікалі ў хату. Яна станавілася каля печы — пад абарону дамавіка, каб параіцца з «хатнім богам». Сімвалам згоды была рука, працягнутая свату, або пацалунак у руку. Пасля гэтага распівалі прынесеную гарэлку, а ў бутэльку насыпалі зерне і ўпрыгожвалі яе поясам ці ручніком. Куфар маладой — сімвал дзявоцтва і сховішча для пасагу
Пра поспех ведала ўся вёска. У той жа дзень часта ладзілі «запоіны» (або «барыш»). На стале абавязкова павінна была быць яечня — сімвал урадлівасці і сямейнага дабрабыту. Гасцей клікалі няшмат, але гулялі з душой. А на Гродзеншчыне існаваў цікавы звычай: рэшткі напояў з бутэлек і збаноў гаспадар выліваў на покуць. Лічылася, што гэта задобрыць лёс, каб маладыя жылі ў дастатку і ніколі не ведалі нястачы. Так што сватанне было сапраўдным магічным квестам, дзе кожны крок меў значэнне, а нейкая дробязь магла як наблізіць вяселле, так і паставіць на ім крыж.
Вялікая чарада сватоў у хаце — гэта, вядома, гонар для дзяўчыны. Але ў вёсцы заўсёды знойдзецца той, хто прысароміць: маўляў, зашмат выбіраеш — застанешся ні з чым. Як казалі нашы продкі, з вялікага перабору — ні лапцей, ні абораў.
Два крокі да шчасця
Пасля сватання пачынаўся сапраўдны галаўны боль для абедзвюх сем’яў. На заручынах ужо не да жартаў: абмяркоўвалі пасаг, дату вяселля і колькасць гасцей. Тут жа адбывалася і магічнае дзеянне — абмен меднымі пярсцёнкамі ці звязванне рук маладых.
— Найбольш распаўсюджаны сцэнар заручын быў такі, — расказвае Таццяна Кухаронак. — Старэйшая сваячка нявесты рассцілала на стале белы абрус, на які маладыя клалі свае пярсцёнкі. Сябры і сяброўкі бралі абрус за чатыры канцы і тройчы падымалі ўгору — маўляў, уздымаем шчасце. Потым сват надзяваў пярсцёнкі, а рукі маладых часта звязвалі ручніком, каб не ўцяклі ад лёсу.
На Віцебшчыне заручыны мелі гучную назву — рукабіццё. Калі бацькі ўрэшце дамаўляліся па ўсіх пытаннях, яны, як сапраўдныя дзелавыя людзі, білі па руках і цалаваліся — прычым не толькі бацькі, але і маці маладых не заставаліся ўбаку. На заручынах нявеста рабіла першыя падарункі радні жаніха, а той у адказ шчодра адорваў абранніцу чаравікамі ці срэбранымі манетамі. У знак канчатковай згоды нявеста з маці абвязвалі ўсю радню ручнікамі ды палатном: «Дарагія сваякі, цяпер мы адна сям’я». Маладых напрыканцы і зусім адпраўлялі ў камору — каб пабылі сам-насам і нарэшце пазнаёміліся бліжэй без лішніх вачэй.
Развітанне заручоных — асобная гісторыя. Нявеста праводзіла жаніха за вароты, а то і за вёску. Сваты паціскалі ўсім рукі, замацоўваючы дамоўленасць. Адмовіцца ад вяселля пасля такога было амаль немагчыма — грамадская думка «з’ела» б!
— А як жа дзявочнік? Вядома, быў! «Суборная субота», «паненскі вечар», «зборны вечар» — як толькі яго не называлі. Галоўная мэта — развітацца з дзявочым жыццём. Тут і лазня, і расплятанне касы, і падрыхтоўка «ёлкі». Абрад «Выкуп ёлкі» — унікальны элемент традыцыйнага беларускага вяселля на Палессі. 2019 год
— «Ёлка» — вясельны атрыбут, сімвал дзявоцтва, — тлумачыць этнолаг Таццяна Кухаронак. — Звычайна гэта была ўпрыгожаная галінка дрэва, яе яшчэ называлі гільца, рагацінка, шабля. Сяброўкі вілі вяночкі, просячы блаславення ў бацькоў: «Благаславі, Божа, і ацец, і маці, свайму дзіцяці вянок завіваці». На Брэстчыне ў пашане была рута — сімвал чысціні і цнатлівасці. Руцяны вяночак прышпільвалі маладой да касы, а жаніху — да шапкі. У некаторых вёсках дзяўчаты ў гэты час спрытна складвалі пасаг, правяраючы, ці ўсё гатова да пераезду ў новае жыццё.
Дарэчы, мужчыны таксама не адставалі. Хоць і радзей, але ў доме жаніха ладзілі свой «кавалерскі вечар». Там было ўсё па класіцы: застолле, песні, гульні і апошнія халасцяцкія байкі перад тым, як надзець на сябе сямейны «хамут». Умелі нашы продкі і працаваць, і святкаваць з размахам!
Удаўся каравай — чакай шчасця праз край!
У беларускім фальклоры каравай — гэта не толькі святочны хлеб, а сапраўдны магічны пашпарт у шчаслівае сямейнае жыццё. Як падкрэслівае этнолаг Таццяна Кухаронак, каравай быў цэнтрам вясельнага сусвету: з песнямі, павер’ямі і строгім рытуалам, дзе кожны рух меў вагу.
— Тут не магло быць дробязей, — тлумачыць Таццяна Іванаўна. — Усё, што датычылася каравая, набывала сакральны сэнс. Таму ў каравайніцы бралі толькі шчаслівых сваячак з добрай рэпутацыяй, у каравайнікі — паважаных гаспадароў, а ў «гусарніцы» — выключна цнатлівых дзяўчат. Яны выраблялі і выпякалі спецыяльныя фігуркі з цеста — «гускі» або «качкі», «птушачкі». У хаце стаяў вэрхал: гоман, смех, песні. Лічылася: чым больш шуму, тым весялейшым будзе жыццё маладых. Старшая каравайніца перад кожным крокам — ці то цеста рашчыніць, ці ў печ пасадзіць — абавязкова прасіла ў бацькоў маладых блаславення. Ірына Назараўна Шумак — слынная каравайніца з Драгічынскага раёна. На свяце вясельнай выпечкі ў Пінску. 2004 год
Працэс быў прасякнуты магіяй лічбы «тры»: ваду прыносілі тройчы, муку сыпалі тройчы, цеста мясілі тры шаферкі па чарзе, а дзяжу накрывалі трыма кажухамі.
— Гэта траістасць сімвалізавала непарушны саюз мужа, жонкі і будучых дзяцей, — тлумачыць наш эксперт. — А яшчэ сачылі за прыкметамі. Пахмурна? Чакай сонца, інакш лёс будзе шэрым. Цеста разміналі пяшчотна, а не білі кулакамі, каб муж жонку не крыўдзіў. І вядома, не шкадавалі мукі, каб жылі багата!
На Гомельшчыне каравайніцы наладжвалі цэлае шоу: ставілі ў дзяжу тры свечкі, утыкалі нож і з песнямі падымалі дзяжу высока ўгору, а шаферы цалаваліся, каб маладыя любілі адно аднаго. На Віцебшчыне хлопцы-падлеткі пасля пасадкі каравая тройчы стукалі лапатай у столь — маўляў, давай, наступная сястра, на выхад! А ваду, якой мылі рукі пасля працы, вылівалі пад фруктовае дрэва: «Каб вішанькі развіваліся, а маладыя цалаваліся».
Каравай упрыгожвалі багата: птушкі, шышкі, зорачкі, каласкі, чырвоныя ніткі і нават разнастайныя сімвалы ўрадлівасці. Калі каравай атрымліваўся такім пышным, што даводзілася разбіраць цагліны ў печы, каб яго дастаць — гэта была найлепшая прыкмета. Пра такі казалі: «Вакол з сырам, з маслам, а ў сярэдзіне з добрым шчасцем». А зайздроснікам адразалі каротка: «Не чапай мой каравай». А вось нашы сучаснікі могуць і такі адказ дадаць: «На чужы каравай вачэй не парывай, свой спячы ды скачы».
Вялікая роля належала і вянчанню. Яно надавала шлюбу юрыдычную сілу. Ехалі паасобку, жаніх — наперадзе. Калі царква ці касцёл знаходзіліся побач, ішлі пешшу, а нявеста тройчы кланялася кожнаму сустрэчнаму. Абавязковымі былі вянок — сімвал дзявоцкасці — і распушчаныя валасы. Цнатлівая нявеста не мела права іх прыкрываць нават у люты мароз, каб усе бачылі. А вось тая, хто не захавала цнатлівасць да шлюбу, не мела права на такі сімвалічны дэбют. Яна не магла ісці з распушчанымі валасамі, і на галаве павінна была быць хустка ці чапец. Абрадавым ручніком засцілалі парог, калі маладыя пасля вянчання заходзілі ў хату
Пасля царквы маладыя вярталіся дадому, дзе іх ужо чакаў той самы магічны каравай. Ён станавіўся галоўным героем застолля: яго дзялілі паміж усімі гасцямі, каб кожны мог «адкусіць» кавалачак шчасця. Госці пры гэтым адорвалі маладых. Адначасовае дарэнне і падзел каравая сімвалізавалі паяднанне ўсяго роду, які браў на сябе адказнасць за маладую сям’ю. Лічылася, што калі госць з’есць хоць крыху каравая, ён набывае частку ад агульнай долі роду.
Сёння, вядома, мы ўжо не стукаем лапатамі ў столь і не чакаем сонца, каб пачаць рашчыняць цеста, але ў кожным сучасным вясельным торце, які маладыя разразаюць разам, жыве той самы старажытны дух каравая. Бо, як казалі нашы продкі, якім бы ні быў час, а без хлеба і любові — нікуды!
Іспыт для цешчы, праверка для зяця
Вясельнае меню ў нашых продкаў залежала не ад рэстаранных вытанчаных страў, а ад таго, што ў каморы знаходзілася і наколькі заможнай была сям’я. Але базавы набор быў амаль нязменным: халадзец, дамашнія каўбаскі, тушаная бульбачка з мясам ды мучныя аладкі ў смятане. Цікава, што гарэлку пілі вельмі сціпла — адной чаркай на ўсіх па крузе. А маладыя? Тыя наогул да зялёнага змея не дакраналіся! Затое іх увесь першы месяц пасля вяселля частавалі мёдам — адсюль і пайшоў вядомы выраз «мядовы месяц».
А што ж з крыкамі «Горка!»? Гэта традыцыя мае глыбокія карані, узнікла ў XVIII-XIX стагоддзях. Паводле адной з версій, госці такім чынам правяралі моц напою: маладыя цалаваліся, каб «падсаладзіць» гарэлку, а госць пасля гэтага мусіў выкласці падарунак. Паводле іншай, больш містычнай версіі, людзі проста хітравалі: крычалі «Горка!», каб падмануць чорта. Маўляў, глядзі, нячысцік, у нас тут усё кепска, нічога цікавага, не чапай маладых!
Кульмінацыяй свята было адорванне і дзяльба каравая. Старшы сват, як сапраўдны дырыжор, выклікаў гасцей па чарзе. Бацькі дарылі кавалак зямлі, карову ці авечку, а госці — палатно ды посуд. Маладая ж у адказ раздавала сваім новым сваякам кашулі ды ручнікі.
На Полаччыне дарылі з гумарам і прыгаворкамі. Дару вам абрус новы, каб былі ўсе здаровы! Дару маладому абцугі, каб не раслі ў яго рагі! Дару аладкі, каб жонка была гладкай! Дару пацеркі бярозавыя, каб мужык заўсёды прыходзіў дамоў цвярозым!
Адкляпаць касу і змалоць муку — заданне для маладых. А калі чаго не ўмеюць, бацькі павінны дапамагчы
Калі вы думаеце, што пасля вяселля ўсе разыходзіліся па хатах — памыляецеся. Пачыналіся пярэзвы. Праз тыдзень бацькі нявесты прыязджалі да маладых (часта зяць сам ехаў па іх на вазку), потым — візіт у адказ. На Магілёўшчыне гэтыя «банкетныя туры» маглі расцягнуцца ажно на паўгода: кожную нядзелю — новыя госці.
— Нашы продкі былі мудрымі, — тлумачыць кандыдат гістарычных навук Таццяна Кухаронак. — Яны разумелі, як цяжка маладой жанчыне адразу ўліцца ў чужую сям’ю. Таму прыдумалі такі пераходны перыяд. Маладой дазвалялася хадзіць на вячоркі і нават на Купалле, а аднавяскоўцы атулялі маладую пару клопатам.
Былі, напрыклад, масленічныя катанні на конях ці знакамітыя агледзіны, дзе маладых прымушалі цалавацца на вачах ва ўсіх. А ў гарадах, напрыклад, існаваў яшчэ адзін мілы звычай: праз тыдзень пасля ўрачыстасці маладыя ішлі да цешчы на яечню.
Як бачыце, вяселле ў нашых продкаў не было падзеяй аднаго дня. Гэта быў доўгі, прадуманы да дробязей працэс прыцірання людзей адно да аднаго, дзе кожная чарка, кавалак каравая і прыгаворка мелі свой глыбокі сэнс. І, трэба прызнаць, у гэтай сістэме было куды больш клопату пра псіхалагічны камфорт маладых, чым у многіх сучасных шумных імпрэзах. Бо галоўнае — не толькі пагуляць, а зрабіць так, каб «горкая» чарка ў выніку ператварылася ў доўгае і салодкае сямейнае жыццё.
У стылі «па-слуцку»
Сёння ўжо ніхто не скажа, што традыцыйнае беларускае вяселле — гэта сумны экспанат з музейнай паліцы. У Слуцкім раённым цэнтры народнай творчасці, напрыклад, дзякуючы этнаграфічнаму клубу «Беларуская хатка» мясцовыя абрады зайгралі такімі фарбамі, што хочацца бегчы пад вянец.
Заходзіш у памяшканне і быццам трапляеш у машыну часу. Тут усё па-сапраўднаму: драўляная хатка, дзе кожнае бервяно ляжыць як мае быць, лаўкі, печка, стол з вышыванымі ручнікамі. Нават ступа, маслабойка і аўчынны кажух на месцы. Каб стварыць такую аўтэнтыку, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Святлана Гушчэня літаральна «агаліла» свой (а хутчэй — бабулін) куфар. Тут вам і карункавыя фіранкі, і маляўнічыя навалачкі, і сапраўдныя рарытэты. Напрыклад, вэлюмы 1950-60-х гадоў, якія калісьці рабілі мясцовых нявест самымі прыгожымі на вёсцы. Вэлюмы 1950-60-х гадоў
Асаблівы гонар — вясельная сукенка з 1940-х гадоў, якую перадала ў цэнтр Марыя Васільеўна Несцярчук. Яна не белая, а ружовая, у дробныя кветачкі — сапраўдны вінтажны эксклюзіў!
— У пасляваенныя гады было не да шыку, — усміхаецца Святлана Гушчэня. — Карункі каштавалі дорага, таму ў ход ішла звычайная марля.
З яе рабілі вэлюм, а кветкі часам абмаквалі ў воск, каб яны блішчэлі і трымалі форму. Вясельная сукенка. 1940-я гады
Як жа ўсё гэта пачалося? Спачатку хацелі паказваць абрады турыстам, але пасля экспедыцый па вёсках Слуцкага раёна натхніліся настолькі, што вырашылі: трэба прыцягваць да справы і сучасных жаніхоў і нявест. «Першапраходцамі» сталі родныя супрацоўнікаў, а потым падцягнуліся і іншыя случчане. З 2018 года тут гуляюць штогод каля трох дзясяткаў вяселляў, не лічачы хрэсьбін і наваселляў. І кожнае — маленькі спектакль, дзе галоўныя героі — самі маладыя.
А колькі цікавага даведаліся пра вясельныя адметнасці! Напрыклад, слуцкі каравай, ён як твор мастацтва: невялікі, але шчодра ўпрыгожаны фігуркамі жывёл і кветкамі з цеста. Часам яго рабілі двух- ці трохпавярховым. Верхні ярус — святое: яго аддавалі маладым, каб тыя з’елі яго ўдваіх на працягу тыдня. Мабыць, каб жыццё было салодкім. А вось на Брэстчыне, як расказалі мясцовыя старажылы, рабілі каравай з расохамі. Бралі драўляныя галінкі, абкручвалі іх цестам, выпякалі, а потым утыкалі ў каравай. Гэтыя расохі сімвалізавалі моцны род і шматлікае патомства. Дадаць да гэтага кветкі з гафраванай паперы — і атрымліваўся такі пышны і яркі шэдэўр, што сучасныя кандытары пазайздросцяць. Лялька «Неразлучнікі» — магутны сямейны абярэг
Адраджэнне вяселля паводле народных традыцый — гэта не толькі даніна модзе, а сапраўднае пагружэнне ў сімвалізм, які меў вялікі сэнс для нашых продкаў, адзначае Святлана Гушчэня. Адзін з самых цікавых абрадаў — пераход праз парог, які ў беларусаў спрадвеку лічыўся сакральным месцам, дзе «жылі» духі хаты.
— Сучасных маладых гэты рытуал чапляе да глыбіні душы, — дзеліцца суразмоўца. — Усё рабілі па правілах: парог засцялілі абрадавым ручніком, пад які падклалі раскрыты дзвярны замок. Жаніх павінен узяць нявесту на рукі, ступіць на чырвоную палавінку ручніка і перайсці парог, не закрануўшы «чужога». Нявеста ж хуценька скручвае ручнік, каб ніводная саперніца на яго не наступіла, — бяспека перш за ўсё! А жаніх у гэты час замыкае замок, каб духі роду надзейна аберагалі хату. А яшчэ маладыя павінны памыць рукі ў адной вадзе і выцерціся адным ручніком — каб усё жыццё быць неразлучнымі.
На такіх вяселлях маладым абавязкова дораць ляльку «Неразлучнікі» — магутны сямейны абярэг. У гэтай пары агульная рука-галінка, на якую з нараджэннем кожнага дзіцяці дадаюць ніцяныя «палавінкі» ці завязваюць вузельчык.
Наталля і Мікіта Махлай, з якімі мы сустрэліся ў Мінску, дагэтуль успамінаюць сваё вяселле як нешта магічнае. У 2018 годзе яны сталі першай парай, якая вырашыла зладзіць сапраўдны беларускі абрад у Слуцкім раённым цэнтры народнай творчасці.
На вяселлі Мікіты і Наталлі Махлай. 2018 год
— Спачатку сумняваліся: ці патрэбны нам гэты народны акцэнт? — прызнаецца Наталля. — Але ў выніку нашы семдзясят гасцей так пранікліся, што гадзіны праляцелі як імгненне. Мы і танчылі падыспань, і касу бацькі вучылі кляпаць, і вышывалі, і песні спявалі. Праз восем гадоў госці пры сустрэчы дагэтуль успамінаюць, якім незвычайным было наша свята.
Наталля працуе ў банку, Мікіта — вайсковец унутраных войскаў. Пазнаёміліся яны, можна сказаць, дзякуючы фота: Наталля ўбачыла здымак будучага мужа ў сяброў, і ён ёй адразу прыглянуўся. Далей — сацсеткі, рамантыка, і ўсё закруцілася само сабой.
Мікіта прызнаецца, што на народны абрад пагадзіўся адразу.
— Спачатку было проста цікава, а потым прыйшло разуменне сакральнага сэнсу, — падкрэслівае ён. — Традыцыі продкаў сапраўды дапамагаюць у жыцці. Вось на той самай ляльцы-неразлучніцы мы тады завязалі адзін вузельчык, усё спраўдзілася.
Тут Мікіта з усмешкай пазірае на сваю дачку Мію — вясёлую шасцігадовую дзяўчынку, якая, здаецца, ні на секунду не можа пасядзець на адным месцы. Шчаслівая сям’я Махлай праз восем гадоў пасля вяселля
— Так, так, — падхоплівае жонка. — Мы, як і патрабуюць традыцыі, беражліва захоўваем тую ляльку. Для нашай сям’і яна — надзейны абярэг, сімвал вернасці і моцнага саюзу. Спадзяёмся, яна і далей будзе дапамагаць нам ісці па жыцці рука ў руку, каб ніякая ліхая сіла не змагла нас разлучыць.
Можна, вядома, сказаць, што час імкліва бяжыць наперад і не варта азірацца ў мінулае. Але ж менавіта там схавана багацце нашых продкаў — тыя самыя «ключы» да шчаслівага роду, якія зашыфраваны ў старадаўніх абрадах. Яны вяртаюць нас да глыбіннай сутнасці жыцця і робяць наш агульны шлях да дабрабыту больш упэўненым і светлым.
| Сняжана Міхайлоўская, часопіс «Беларуская думка»; фота Таццяны Матусевіч, а таксама Слуцкага раённага цэнтра народнай творчасці і сям’і Махлай.
Чытайце таксама:
Хочаце даведацца, як звычайны лён становіцца магіяй? Прасачылі ад поля да тканіны
Сіла, мудрасць і трохі хітрасці: расказваем пра вобраз жанчыны ў беларускай традыцыі



